Разьба па дрэве

Эстэтычныя ўяўленні нашых продкаў прасочваюцца ў багацці міфалагічнага і сімвалічнага зместу сюжэтаў народнай архітэктурнай разьбы. Вось асноўныя з іх: знакі родавай прыналежнасці, тамгі і сімвалы засцярогі; сімволіка ўрадлівасці і ўяўленняў аб сусвеце, сімвалы сусвету, зоркі, салярныя знакі, абазначэнні сутачнага руху сонца па небасхіле і г. д.; сімвалы жыцця, дрэва жыцця, дабрабыту і сямейнага шчасця. Этычны, эстэтычны і семантычны сэнс дэкаратыўных кампазіцый будуецца на прынцыпе арнамента з выкарыстаннем наступных матываў: расліннага (трохпялёсткавае суквецце — сімвал жыцця, яловая лапка — дрэва жыцця, стылізаваныя кампазіцыі на падставе раслінных матываў), зааморфнага (парныя галовы вужоў — сімвал засцярогі, галубоў — сімвал шчасця, фігуры куніц, вавёрак і г. д.); іхтыяморфнага (парныя фігуры рыб з вокам у выглядзе салярнага знака); тэраталагічнага (фігура русалкі — сімвал засцярогі, міфічныя і казачныя вобразы, птушка-сірын і г. д.); антрапаморфнага (стылізаваныя фігуркі чалавека, жанчыны); бытавога (сюжэты тыповых матываў: напрыклад, мядзведзі на пчальніку і г. д.).
Агульнай рысай як усходнеславянскага, так і беларускага народнага дэкору з’яўляецца развіццё абстрагаваных геаметрычных форм. Эмацыянальныя ўражанні, атрыманыя ад навакольнай прыроды, у творчым уяўленні мастака трансфармуюцца, іх канкрэтна-матэрыяльная вобразнасць пераўтвараецца ў выразнасць рытмічных паўтораў узораў арнаменту, што набываюць своеасаблівую музычнасць.
Адзін з найболып старажытных сімвалічных элементаў у народнай разьбе – акружнасць або круг. Элементы сонечнай (салярнай) сімволікі – адны з самых распаўсюджаных у народным мастацтве. На тэрыторыі Беларусі салярныя знакі вядомы з часоў мілаградскай культуры (прыблізна 7—3 ст. да н.э.). Салярныя разеткі выкарыстоўваюцца як для арнаментацыі невялікіх элементаў (закрылін, карнізаў), так і для аздаблення значных фасадных плоскасцей (шчыты, франтоны). 3 іншых геаметрычных форм найболып распаўсюджаны прамавугольнікі, квадраты, трохвугольнікі, якія шырока выкарыстоўваліся ў накладных дэталях. Складаныя крывыя (сегменты, авалы) характэрны для элементаў скразной разьбы.
Разьбой па дрэве ўпрыгожваліся ліштвы, франтоны, вільчакі, вуглавыя накладкі.
Выкарыстанне колеру ў народнай архітэктуры

Неабходна адзначыць і выкарыстанне колеру ў народнай архітэктуры. Першыя крокі ў гэтым напрамку пачаліся з афарбоўкі накладных, дэкаратыўных элементаў, ліштваў вокнаў. Затым пачынаюць фарбаваць плоскасці агараджальных канструкцый, франтоны. Колеравае вырашэнне пранікае і ў інтэр’ер: фарбуецца падлога, беліцца столь. Ліштвы вокнаў фарбуюцца ў белы колер, што стварае кантрастнасць, узмацняе іх дэкаратыўнае гучанне. Яшчэ актыўней колер пачынае выкарыстоўвацца з распаўсюджваннем шалёўкі, якая стварае вялікія плоскасці, зручныя для прасторных колеравых кампазіцый. У выкарыстанні колеру ў народнай архітэктуры побач з яркасцю, сакавітасцю тонаў, апраўданых умовамі клімату з вялікай колькасцю пахмурных дзён, адчуваецца і добры густ народных майстроў, іх уменне спалучаць асобныя тоны, удала выкарыстоўваць як уласцівасці кантрасту, так і нюансныя адценні.
Аздабленне акон

Значнага развіцця народная архітэктурная разьба дасягнула ў аздабленні акон. Адзіным упрыгажэннем валакавых акон былі авальныя падцёсы, якія сёння сустракаюцца ў вокнах сенцаў, камор, клецяў. Развіццё арнаментацыі акна пачынаецца са з’яўленнем аконнай каробкі. Паміж ёю і зрубам па канструктыўных меркаваннях (усадка пабудовы) пакідаліся зазоры, якія неабходна было прыкрыць. Так з’явіліся ліштвы. Своеасаблівым рудыментам валакавога акна з’яўляецца аканіца, першапачаткова адна, квадратнай формы, на ўвесь аконны праём. На верхні кант надаконніка набівалася тоненькая планка (карніз), у цэнтры замацоўваўся невялікі ромбік – вось і ўвесь дэкор. Затым унізе карніза з’яўляецца сціплы ланцужок даўблёнай разьбы, апрацоўваюцца канцы бакавых ліштваў. Паступова дэкор акна набывае пэўную кампазіцыю, сіметрычную адносна вертыкальнай восі. Асноўная дэкаратыўная нагрузка прыпадае на надаконную дошку, якая мае вялікую плошчу. Ускладняецца яе форма. Напрыклад, надаконныя ліштвы хат XIX ст. на Падняпроўі мелі пераважна трохвугольную форму, ва ўсходняй, паўднёва-ўсходняй частцы Цэнтральнай Беларусі – авальную.
Народным напрамкам у развіцці дэкору акна з’яўляецца актыўнае разбурэнне манументальнасці ўзорамі традыцыйных матываў. Цэнтрам кампазіцыі становіцца стылізаваная кветка, сіметрычна якой размяшчаюцца фігуркі птушак, вавёрак, куніц, змей, раслінны арнамент (Палессе, Цэнтральная Беларусь, заходнія раёны Панямоння). Рэзчыкі ўмела перадаюць характар паставы, фігуры.
Мастацкая апрацоўка невялікіх дэталяў
Мастацкай апрацоўцы падлягалі і асобныя невялікія дэталі, у прыватнасці ручкі і замкі дзвярных палотнаў. На Палессі і паўднёвай палове Цэнтральнай Беларусі існавалі драўляныя дзвярныя ручкі і драўляныя падоўжна-зубчастыя замкі, якія ўсталёўваліся на дзвярах у сенцы. На Панямонні і ў асаблівасці ў Паазер’і існавалі каваныя ручкі і замкі, часам упрыгожаныя ўзорнай насечкай. Гэтыя элементы ўяўляюць сабой сапраўдныя ўзоры кавальскага мастацтва. Матывы расліннага характару ўпрыгожвалі накладныя каваныя ліштвы замкоў, клецяў і камор, металічныя палосы дзвярных петляў.