MO

Народнае дойлідства. Модуль 2

Сялянская сядзіба і хатаПазнаёмцеся з тыпамі сядзібных забудоў, асаблівасцямі іх структуры, даведайцеся, з чаго і як будавалася сялянская хата.
5/12

Асноўнай структурнай адзінкай вёскі была сядзіба (аселішча) – комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў разам з дваром, агародам і садам, якія складаюць індывідуальную гаспадарку селяніна. Амаль кожны сялянскі двор на працягу стагоддзяў уяўляў самой універсальную гаспадарку, якая сама амаль цалкам забяспечвала ўсе патрэбы: вырошчвала збожжа і розныя сельскагаспадарчыя культуры, выпякала хлеб, гатавала розныя прадукты і кулінарныя вырабы, апрацоўвала лен, пяньку, футру, скуры, ткала тканіны, вырабляла адзенне і абутак, будавала жыллё, майстравала розныя прылады, транспартныя сродкі, вырабляла начынне, прадметы паўсядзённага ўжытку.

Сядзібная забудова складаецца з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых пабудоў, кожная з якіх выконвала свае, уласцівыя ёй функцыі і разам з тым цесна дапасавалася адна да адной, утвараючы гарманічнае цэлае – адзіны жыллёва-бытавы комплекс. Сядзібны компекс складаўся ўласна з жылля (хата), свірна (клеці), варыўні (стопка), склепа (пограб), павеці, адрыны для сена, абарога, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, рамеснай майстэрні і інш. Большасць з гэтых пабудоў вядомы паўсюдна ў Беларусі, некаторыя былі распаўсюджаны ў асобных рэгіенах. Кожная са згаданых сядзібных пабудоў адрознівалася сваімі функцыямі, памерамі, планіроўкай, канструкцыйнымі асаблівасцямі, займаючы пэўнае месца ў сістэме ўсей забудовы.

На тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны наступныя асноўныя тыпы дваровай пабудовы: замкнутая (вяночная), аднарадная (пагонная), двух - і трохрадная, Г-падобная (сцяжковая) і свабодная (рассеяная, з незвязанымі пабудовамі). Кожны з гэтых тыпаў меў, акрамя таго, прыватныя ці пераходныя варыянты, што выяўлялі пэўныя лакальныя і сацыяльныя рысы.

На поўначы і паўночным усходзе прыкметна пераважала замкнутая сістэма забудовы. Жыллё і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся па перыметры двара. Да жылля (з боку сенцаў) прымыкалі хлявы, якія ў глыбіні двара заканчваліся адрынай. Насупраць хаты ставілі клець, да яе стасаваліся павець (для дроў і сельскагаспадарчых прылад), свіран, вазоўня. Нярэдка хлявы для буйной рагатай жывёлы і свіней будавалі па адзін бок двара, а канюшню і аўчарню – па другі, побач з адрынай – сянніцай.

Адным з варыянтаў замкнутай сістэмы забудовы быў двор з кампактным размяшчэннем жылых і гаспадарчых памяшканняў, якія будаваліся ў адзіным комплексе. У адным выпадку гаспадарчыя памяшканні будаваліся побач з жыллём пад высокай страхой-паветкай. У другім – хлявы прымыкалі да падоўжанага тыльнага боку жылля, маючы з ім агульную сцяну. Агульным сувязным памяшканнем для іх з’яўляліся сенцы, якія мелі выхад на ўсе чатыры бакі: у хату, варыўню, на двор і ў хлявы.

Не менш распаўсюджанай у ХІХ – першай палове ХХ ст. была аднарадная (пагонная) сістэма забудовы. Пабудовы ў гэтым выпадку ўтвараюць адзіную аднарадную сувязь: следам за хатай і сенцамі размяшчаліся клець або варыўня, павець, хлявы, адрына.

У другой палове ХІХ ст. разам з ростам сацыяльнай дыферэнцыяцыі і абеззямеленнем часткі сялянства аднарадныя забудовы атрымалі больш шырокае бытаванне. Размешчаныя на даволі вузкіх сядзібных палосках, яны цясніліся адна каля адной, утвараючы вузкія выцягнутыя двары, што абмяжоўваліся з другога боку сцяною суседняга пагону.

У Беларусі быў вядомы і двухрадны тып забудовы, які ўяўляў сабой прамежкавы варыянт паміж замкнутым і аднарадным тыпамі. У Падняпроўі і Усходнім Палессі нярэдка сустракалася і Г-падобная (сцяжковая) забудова; звычайна тут услед за жыллём ставілі клець, адрыну, хлявы.

Як паказваюць этнаграфічныя матэрыялы, на тэрыторыі Беларусі сустракаліся амаль усе асноўныя тыпы сядзібных забудоў, што былі ўласцівы шырокай зоне славянскага рассялення. Кожны з гэтых тыпаў адрозніваўся прыватнымі асаблівасцямі і меў свае варыянты. У самой планіроўцы сядзібных забудоў не было строга вызначаных, цвёрдых канонаў. Кожны гаспадар улічваў функцыянальную мэтазгоднасць, узаемасувязь і лагічную завершанасць асобных пабудоў і ўсяго архітэктурнага ансамбля, узгадняючы іх з канкрэтнымі патрабаваннямі.

Традыцыйная беларуская сядзіба з’яўлялася даволі складаным жыллёва - гаспадарчым комплексам, асноўнымі структурнымі элементамі якога (акрамя хаты) былі:

Клець - служыла для захоўвання збожжа, прадуктаў, бытавых рэчаў, адзення. Сустракалася як у комплексе з жыллём (хата + сенцы + клець), так і асобнай пабудовай, якая звычайна размяшчалася насупраць хаты. Зруб клеці ставіўся на высокія штандары, падлогу ўтвараў насціл шчыльна падагнаных дошак. У клеці каля сцяны адгароджваліся засекі для збожжа. Побач стаялі бочкі, кадоўбы ці саламяныя карабы з зернем, крупамі, мукой, макам, ільносемем, каноплямі і нш. Тут захоўвалі кубельцы з салам, бочачкі з квасам і іншым пітвом; на бэльках падвешваліся кумпякі, шынкі, каўбасы, кашы з паляндвіцай і іншымі мяснымі прыпасамі. Тут жа стаялі куфар ці кубел з тканінамі, адзеннем, ложак, дзе летам спалі маладыя члены сям’і. Клецей у гаспадарцы бывала некалькі – па колькасці жанатых мужчын. Загадзя, напярэдадні вяселля, жаніх і яго бацька рупіліся аб уладкаванні асобнай клеці для будучых маладажонаў.

Свіран – пабудова, блізкая да клеці па сваім функцыянальным прызначэнні. Свіран служыў для захавання адборнага збожжа і будаваўся, як правіла, асобна. Небагатыя гаспадаркі абыходзіліся адным памяшканнем – свірнам ці клеццю. Больш заможныя сяляне мелі адначасова клець (адну або некалькі) і свіран. Апошні прыкметна адрозніваўся ў Беларусі знешняй формай і канструкцыйнымі асаблівасцямі. Як і клець, ен будаваўся на высокіх штандарах ці палях (да 1 м над зямлей), меў, як і клець, грунтоўна ўладкаваную страху, а нярэдка і гарбатую столь, шчыльную падлогу, засекі для збожжа.

Варыўня – паўназемнае памяшканне, упушчанае на паўметра ў зямлю; служыла для захоўвання гародніны, садавіны, бульбы, малочных прадуктаў. Тут адгароджваліся адсекі, куды ссыпалі буракі, бульбу, моркву, рэпу. Бліжэй да ўвахода размяшчаліся кадушкі і бочкі з квашанай капустай, буракамі, агуркамі, хлебным квасам, сокам, півам, стаялі гладышы з малаком і інш. У сярэдзіне памяшкання размяшчаўся невялікі ачаг-жароўня, куды ўзімку насыпалі гарачае вуголле. Варыўні будаваліся як асобныя памяшканні, так і ў комплексе гаспадарчых пабудоў двара, у месцах, дзе ўзровень грунтавых вод не дазваляў капаць склепы.

Склеп – заглыбленае ў зямлю памяшканне тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў і інш. Склеп і пограб не заўсёды выяўляюць поўную ідэнтычнасць. Склеп, або лех, часцей рабіўся ў сістэме жылля (пад сенцамі ці клеццю) і меў мураваныя, радзей драўляныя сцены. Паграбы рыліся асобна ад жылля, звычайна мелі наземнае збудаванне. Да паграбоў вельмі блізкія ямы-сховішчы. Іх капалі звычайна воддаль ад сядзібы або ў лесе. Сустракаліся і паграбы-сховішчы, што ўладкоўваліся ў тоўстых полых пнях, пакрытых плашкамі і карой, або ў кадаўбах, зарытых у зямлю.

Гумно – гаспадарчая пабудова для захавання і абмалоту збожжа. У цэнтры гумна быў выбіты ток для малацьбы, па баках – застаронкі, куды складвалі снапы. Мела высокую страху, якая падтрымлівалася на некалькіх сохах (слупы з сукаватай развілкай уверсе), пастаўленых у адзін ці два рады. Гумны прыкметна адрозніваліся на Беларусі сваімі памерамі, канструкцыйнымі асаблівасцямі, унутранымі прапорцыямі, колькасцю варот, формай стрэх, наяўнасцю пры іх паўжылога памяшкання, адрыны і агнявой сушні для збожжа. На Палессі – клуня, стадола, шасці- або васьмівугольная ў плане са стромкай (кастровай, стажковай) страхой. У Панямонні, Цэнтральнай Беларусі – пуня, выцягнутае ў плане прамавугольнае збудаванне пад двухсхільным дахам. У Паазер’і – прасторнае зрубнае збудаванне з высокім двухсхільным ці вальмавым дахам і цеплавой сушыльняй (асеццю, ёўняй усярэдзіне). Асеці і ёўні распаўсюджаны ў гумнах Падняпроўя. 3 вонкавага боку паабапал варот гумны мелі прырубы: мякіннікі, торпы, плеўнікі (для мякіны).

Сушня была прызначана для сушкі збожжа ў снапах; будавалася непасрэдна ў гумне або побач з ім. Звычайна мела два паверхі (ярусы): на ніжнім размяшчалася печ-каменка, на верхнім расстаўляліся неабмалочаныя снапы.

Адрына служыла для захавання сена, саломы, рознага сельскагаспадарчага інвентару, нярэдка – і транспартных сродкаў. Уяўляла сабой прасторнае зрубна-каркаснае памяшканне з шырокімі варотамі. Будаваліся розных памераў і формаў, у залежнасці ад рэгіённых традыцый, часта разгароджаваліся на некалькі памяшканняў для асобнага захоўваўння кожнага віду запасаў.

Лазня будавалася на краі сядзібы або выносілася за яе межы да ракі, возера, крыніцы. Па сваіх канструкцыйных асаблівасцях у Беларусі вядомы лазні двух асноўных тыпаў – зрубныя і зямлянкі. Апошнія рабілі ў пясчаных схілах па берагах рэк, яроў, балак, пагоркаў, дзе зручна было іх будаваць. Апрача асноўных функцый лазні выкарыстоўвалі для сушкі льну. Часам сельская грамада будавала адну агульную (“кагальную”) лазню.

Фальварковая шляхта, а пазней і заможныя сяляне ўзводзілі ў межах сваіх сядзіб млыны, сырніцы, вяндлярні (капцільні). У залежнасці ад рухаючай сілы млыны падзяляюцца на вадзяныя, ветраныя (ветракі) і механічныя (конныя і валовыя), якія адрозніваліся паміж сабой канструкцыяй. Вадзяныя млыны вядомы са старажытных часоў. Яны будаваліся на невялікіх рэках, дзе зручна было рабіць плціны-запруды, устанаўліваючы тут вадзяное кола. Тэрмін іх дзеяння складаў 200-250 дзён у год (перапынкі ў рабоце былі звязаны з суровымі зімовымі ўмовамі і летнім абмяленнем рэк). Па сваёй канструкцыі ветракі падзяляліся на шатровыя (яны мелі вялікія памеры і ў залежнасці ад напрамку ветру паварочваліся толькі верхняй часткай) і казловыя, так званыя казлоўкі невялікіх памераў на асявым слупе, што паварочваліся ўсім корпусам. У Паазер’і казлоўкі мініяцюрных памераў уладкоўваліся на колах; іх можна было перамяшчаць, запрэгшы коней. Многія ж сяляне ўладкоўвалі дома (у хаце, сенцах, клеці) невялічкія млынкі-жорны.

Разнастайныя пабудовы размяшчаліся на сядзібе ў пэўнай паслядоўнасці і ўзаемазалежнасці, утвараючы той ці іншы кампазіцыйны і архітэктурна-планіровачны малюнак.

Цэнтральнай (асноўнай) пабудовай вясковай сядзібы з’яўлялася хата – традыцыйны тып жылля сельскіх жыхароў. Як тып жылля, хата прайшла доўгі шлях гістарычнай эвалюцыі, развіваючыся ад будкі і зямлянкі да наземнай пабудовы зрубнай канструкцыі. Спачатку хату будавалі без сянец, з печчу без коміна (курная хата) і вузкімі акенцамі, што зачыняліся спецыяльнымі засаўкамі. У ХІХ ст. курная хата была выцеснена так званай белай (мела печ з комінам), а яе аднакамерная планіроўка – двухкамернай (хата + сенцы) і трохкамернай (хата + сенцы + хата ці хата + сенцы+ камора). На поўначы Беларусі і на Палессі часта сустракалася трохкамернае жылле хата + сенцы + варыўня (стопка).

Планіроўка жылога памяшкання нярэдка ўскладнялася вылучэннем святліцы і кухні (хата + хата + сенцы; хата + кухня + сенцы). Часам пры ўваходзе ў сенцы звонку ўладкоўвалася паўадкрытыя галерэя – падсені (падчэні) альбо ганак.

Да 60 – 70-ых гадоў ХІХ ст. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі. Яны мелі глінабітныя курныя печы без коміна. Калі яе палілі, дым ішоў на хату і выходзіў праз верхнік (вяршок, дымнік, душнік) – адтуліну ў столі ці верхніх вянцах зруба за печкай. Пасля палення верхнік закрываўся накрыўкай ці мяшком з сенам.

Хата мела высокі парог і нізкія дзверы (у сярэднім 100 х 145 см), што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Дарэчы, у курнай хаце дасягалася максімальная эканомія цяпла, каэфіцыент карыснага дзеяння якога складаў 80-90%, у той час як у больш позніх хатах, што мелі “белыя” печы з дымаходам, гэты паказчык складаў каля 20-30%. Дзверы рабіліся з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнездах – на бегунах. Тры невялікія валакавыя акенцы зачыняліся (“завалакваліся”) на ноч драўлянай засаўкай.

Усе пабудовы ў беларускай вёсцы рабіліся з дрэва. Драўлянае дойлідства беларусаў мае глыбокія і трывалыя традыцыі, якія фарміраваліся ва ўласцівым Беларусі экалагічным і гісторыка-культурным асяроддзі.

Драўлянае дойлідства было адным з самых распаўсюджаных і прыярытэтных раместваў у Беларусі са старажытных часоў. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на палескіх кірмашах можна было купіць усе “запчасткі” і сабраць з іх цэлую хату. Тут прадаваліся ў розніцу брусы, кроквы для стрэх, вушакі для асады дзвярэй і вокнаў, дошкі, дахавыя матэрыялы (гонта, дранка), дзверы, аконныя рамы і інш.

Асноўная парода, што часцей за ўсе ўжывалася ў будаўніцтве, – хвоя, ці сасна. З іншых парод істотнае значэнне мелі елка і дуб. З дубу рабілі аснову фундамента (штандары, палі), ніжні вянок зруба (падруба), прамежкавыя шулы сцен, апорныя слупы-сохі ў гумнах, павецях, паграбах, а таксама асобныя элементы жылля – парог, вушакі, падаконнікі і інш. Трываласць і даўгавечнасць дубовай драўніны павышалі попыт на будаўнічы матэрыял з яе, разам з тым цвёрдасць і масіўнасць патрабавалі большых намаганняў пры яе апрацоўцы. Жыллё, цалкам пабудаванае з дубу, сустракалася ва Усходнім Палессі.

Будоўля хаты пачыналася з закладкі падмурка. На пясчаных, сухіх месцах у якасці яго служыў першы вянец, зроблены з больш тоўстых, часам дубовых, бярвён – падруб. Аднак ад нераўнамернага прамярзання верхнія слаі глебы прыходзілі ў рух, што, з цягам часу, утварала ў пабудове перакосы. Каб пазбегнуць гэтага, пад вуглы будынка з некаторым інтэрвалам укопвалі дубовыя калодкі – штандары і ўжо на іх клалі першы вянец. На балоцістых мясцінах штандары ставілі па ўсім перыметры пабудовы.

На тэрыторыі Беларусі здаўна былі вядомы дзве асноўныя будаўнічыя канструкцыі – слупавая і зрубная, якія мелі шэраг тыпалагічных варыянтаў і пераходных форм і часта спалучаліся ў адной і той жа пабудове. У больш архаічным варыянце сцены слупавых пабудоў уяўлялі сабой каркас з жэрдак, які заплятаўся гнуткімі галінамі івы, уцяпляўся саломай, трыснягом, чаротам. Часам плецены каркас абмазвалі глінай. Звычайна такая канструкцыя ўжывалася ў будаўніцтве гаспадарчых і падсобных памяшканняў: павеці, адрыны, хлява, сенцаў.

Зрубная канструкцыя ўяўляе сабой зруб з круглых ці брусковых бярвенняў, злучаных паміж сабой у просты (з астаткам) або гладкі (чысты) вугал. Гэтая канструкцыя асабліва шырока ўжывалася ў жыллі, клецях, свірнах, а таксама ў культавых пабудовах.

Пераходным варыянтам ад каркасна-слупавай да зрубнай тэхнікі драўлянага дойлідства з’яўлялася зрубна-слупавая канструкцыя, якую яшчэ называюць закладной, ці “ў закідку”. Слупы ў выглядзе памежкавых шулаў былі неабходным элементам доўгіх сцен зруба. Амаль на ўсей тэрыторыі Беларусі шульную канструкцыю выкарыстоўвалі ў будаўніцтве гумен, хлявоў, сенцаў.

У час узвядзення зруба ў ім прарэзваліся аконныя і дзвярныя праёмы. Да перыяду распаўсюджвання хат, што апальваліся па-беламу, памеры вокнаў па вышыні не перавышалі дыяметра бервяна. Нізкія вузкія акенцы прарэзваліся адно ў вулічнай і адно-два ў дваравой сценах. Малыя памеры былі абумоўлены імкненнем не дапусціць значных цепластрат. Да з’яўлення рам і пераплётаў аконны праём закрываўся невялікай дошкай-засланкай – завалакваўся, адсюль і назва акон – валакавыя. З’яўленне рам з шыбамі спачатку са слюды, а пасля і са шкла прывяло да паступовага павелічэння памераў акна.

Канструкцыя падлогі мела рэгіянальныя асаблівасці. На ўсім поўдні Беларусі была распаўсюджана глінабітная (токавая) падлога. Для яе ўладкавання здымалася глеба і ў заглыбленне засыпалася гліна, змешаная з сечкай. Атрыманую мешаніну рабілі больш цвёрдай з дапамогай драўлянай калатушкі і заціралі падлогу гліняным растворам. На поўнач ад Палесся падлогу ў дамах слалі пераважна з дошак.

Што датычацца стрэх, то на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў жалезным веку вызначыліся два асноўныя тыпы – двухсхільныя і чатырохсхільныя (шатровыя). Першыя адпавядалі шматкамерным пабудовам гарадзішчаў, другія – аднакамерным паўзямлянкам селішчаў. Традыцыйны матэрыял пакрыцця стрэх – салома і чарот – ужываўся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, але ў Паазер’і, Панямонні, Падняпроўі шырока выкарыстоўвалі і дранку (тонкія дошчачкі, якія дралі з калод).

Важным элементам у архітэктуры хаты была прызба – уцяпленне ніжніх вянкоў зруба. На Палессі і Магілёўшчыне вядома ўцяпленне з саламяных кулёў, якое даходзіць да нізу акон. Часам саламянымі кулямі закрываліся на зіму і асобныя вокны. Саламянае ўцяпленне было разлічана на некалькі сезонаў, як і прызбы, плеценыя або з дошак з засыпкай зямлёй. У цэнтральных раёнах прымяняліся земляныя сезонныя прызбы, насыпаныя на зямлю. Вясной зямля прыбіралася, што давала магчымасць прасохнуць ніжнім бярвёнам зруба і правентыліраваць падлогу.