MO

Народнае дойлідства. Модуль 2

Захаванне і аднаўленне помнікаў народнай архітэктурыПазнаёмцеся з гісторыяй і практыкай захавання і аднаўлення помнікаў народнай архітэктуры ў Беларусі.
10/12

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам або музеяў-скансэнаў. Музеі гэтага тыпу – гэта адна з формаў захавання і паказу помнікаў гісторыі і культуры ў блізкім да натуральнага асяроддзі. Музей дэманструе народную, традыцыйную культуру краіны ў адзінстве яе рэгіянальных і лакальных асаблівасцяў. Важным элементам экспазіцыі музея пад адкрытым небам з’яўляецца ландшафт.

Ідэя стварэння музея народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам упершыню была выказана ў 1908 годзе вядомым беларускім мастаком Фердынандам Рушчыцам, аднак Першая сусветная вайна, а потым Другая сусветная вайна перашкодзілі ажыццяўленню яго задумы.

У сувязі з тым, што пасля Другой сусветнай вайны на Беларусі інтэнсіўна вялося новае будаўніцтва, паляпшаўся дабрабыт сяла, вызначаліся неперспектыўныя пасяленні, узнікла рэальная пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідства і народнай матэрыяльнай культуры.

Таму для захавання помнікаў народнай архітэктуры было вырашана стварыць музей пад адкрытым небам. І з 1976 года пачалася вялікая навукова-экспедыцыйная работа па рэгіёнах рэспублікі з мэтай вывучэння, пошуку, фіксацыі і перавозкі помнікаў народнай драўлянай архітэктуры, прадметаў побыту, рамёстваў і промыслаў музейнага значэння. Музейны комплекс павінен быў уключаць больш за 250 помнікаў і 50 тыс. экспанатаў, вытворча-гаспадарчую зону, аб’екты інжынернага забеспячэння, унутрымузейныя дарогі, аб’екты добраўпарадкавання.

Сёння музей займае плошчу 151 га, на яго тэрыторыі адкрыты для наведвальнікаў тры навукова-экспазіцыйных сектара:

“Цэнтральная Беларусь”

часткова сфарміраваныя “Паазер'е” і

“Падняпроўе”.

У склад экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 аб'ектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі. Прайшоўшы па спасылцы http://etna.by/exhibits, можна выбраць рэгіён і падрабязней пазнаёміцца з яго асаблівасцямі.

Больш даведацца пра музей можна тут: http://etna.by/, https://www.facebook.com/EtnaBY/

Стварэнне беларускага скансэна абумовіла асэнсаванне захавання помнікаў народнага дойлідства музейнымі сродкамі. Пачатак гэтаму быў пакладзены ў сувязі з рэстаўрацыяй мемарыяльных купалаўскіх і коласаўскіх мясцін.

Купалаўскі запаведнік у Вязынцы (kupala-museum.by) уяўляе комплекс драўляных пабудоў, якія аднаўляюць рэканструяваную сядзібу: жылы дом, свіран (клець), гаспадарчыя будынкі, агароджа. Рэстаўрыраваныя аб’екты (70-я гады XX ст.) размешчаны ў ахоўным прыродным наваколлі, якое ўключае лугі, дубровы, ручаі і крыніцы. У пачатку 1980-х гадоў былі арганізаваны рэстаўрацыйныя работы на размешчанай недалёка яшчэ адной купалаўскай сядзібе: Акопы-Харужніцы. Паводле праектных пошукаў, выкананых Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытутам, былі адноўлены сядзібны дом, клець, лядоўня. Частка будынкаў пазначана на ландшафце контурамі адноўленых фундаментаў. Быў выкананы праект драўлянай царквы.

Каштоўны вопыт у рэстаўрацыі помнікаў драўлянага дойлідства быў набыты ў выніку стварэння Коласаўскага запаведніка. Гэта цэлы рад драўляных сядзіб старадаўніх лясных застаў былой радзівілаўскай ардынацыі ў Мікалаеўшчыне, Акінчыцах, Альбуці, Ластку. Адноўленыя жыллё і гаспадарчыя будынкі аб’яднаны адзінымі экспазіцыйнымі маршрутамі і сцежкамі з прыроднымі тэмамі (коласаўскія дубы, Нёман, пчальнік і г. д.): kolasmuseum.by

У 80-я гады XX ст. рэстаўрыруюцца помнікі драўлянага дойлідства, звязаныя з іменем М. Багдановіча. Гэта дом ляснога абходчыка ў вёсцы Вяззе Асіповіцкага раёна і сядзіба ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна. Сядзіба ўключае дом, клець, гумно, некаторыя прыродна-ландшафтныя элементы: крыніцу, паляну і ўзлесак, што ствараюць лакальнае запаведнае асяроддзе (bagdanovich.museum.by).

На Смаргоншчыне ў 1980- 1990-я гады рэстаўрыруюцца сядзібы М. Агінскага ў Залессі (zalesse.by) і Ф. Багушэвіча ў Кушлянах. Апошняя ўяўляе комплекс драўляных збудаванняў: дом з галерэяй, двухпавярховы свіран, гуменны комплекс (bellitmuseum.by).

Да 200-годдзя са дня нараджэння А. Міцкевіча рэстаўраваны сядзібны комплекс у Завоссі Баранавіцкага раёна (bellitmuseum.by). Сядзіба з’яўляецца рэканструкцыяй драўлянага жылога дома, свірна, брамы і агароджы, гаспадарчых пабудоў, выкананай на падставе гравюр Н. Орды і Т. Аблінскага.
Праведзены і праводзяцца работы па рэстаўрацыі іншых аб’ектаў драўлянага народнага дойлідства.