MO

Народнае дойлідства. Модуль 2

Звычаі, абрады, павер'і, звязаныя з будаўніцтвам хатыПазнаёмцеся са звычаямі, абрадамі, павер'ямі, звязанымі з будаўніцтвам сялянскай хаты.
8/12

Традыцыйнае жытло беларусаў адметна не толькі функцыянальнымі, канструкцыйнымі і архітэктурна-планіровачнымі асаблівасцямі. Існавала і пэўнае яго духоўнае разуменне. Духоўная культура жытла мела цесную сувязь з асаблівасцямі сямейнага, традыцыйна-бытавога ўкладу, са звычаямі павагі і шанавання старэйшых, сямейнага этыкету.Таму невыпадкова, што менавіта хата выступае ў значнай колькасці беларускіх традыцыйных абрадаў (Каляды, Вялікдзень, Дзяды, радзіны, вяселле, хаўтуры і інш.) адзіна магчымай прасторай, дзе можа разгортвацца рытуал. Асобным элементам жытла надавалася пэўнае рытуальнае значэнне. Хата (сядзіба) у сімвалічным плане ўвасабляла “свой”, чалавечы свет і супрацьпастаўлялася навакольнай прасторы, як “чужой”, варожай, патэнцыйна небяспечнай. Рытуальна-сімвалічнае значэнне мелі практычна ўсе элементы як сядзібы, так і хаты.

Асноўныя структурныя часткі сядзібы (хата, хлеў, гумно, еўня, лазня), паводле народных уяўленняў, мелі сваіх міфічных духаў (хатнік, хляўні, гуменнік, еўнік, лазнік), ад гарманічных узаемаадносінаў з якімі залежаў дабрабыт і жыццялад цэлага роду (сям’і).

Плот, парог, дзверы, сцены, вокны, дах у традыцыйным светаўспрыняцці выступалі як сімвалічная мяжа паміж “гэтым” і “тым” светам, што вельмі актыўна выкарыстоўвалася ў знахарстве, чарадзействе і варажбе. Так, напрыклад, памясціўшы на парозе хаты хворага чалавека, знахары “адраблялі” яго хваробу, адсылаючы яе за парог, у “іншасвет”. Падобныя аперацыі маглі адбывацца і каля акна, плота, у лазні. У гэтых жа месцах, як правіла, варажылі на Каляды.

Таму будаўніцтва жылля ў народнай традыцыі было абстаўлена разнастайнымі звычаямі, абрадамі, абярэгамі, якія адзначалі яго важныя ідэйна значымыя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку і першасную апрацоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны, або былі звязаны з выбарам будаўнічых матэрыялаў, рэгламентацыяй колькасці вокнаў, іх арыентацыяй, размяшчэннем печы, покуці і інш.

Асаблівая ўвага надавалася выбару месца для жылля – нашы продкі кіраваліся не толькі рацыянальнымі меркаваннямі (зручнасць камунікацыі, характар грунту і г.д.), але і старажытнымі ўяленнямі. Не дазвалялася будаваць хаты на скрыжаванні дарог і на закінутых шляхах (лічылася, што па начах там блукаюць злыдні), непрымальным было месца, дзе раней стаяла лазня (у міфалогіі гэта прыстанак ведзьмаў), праклятым было месца, дзе адбывалася забойства ці калісьці былі знойдзены чалавечыя косці. Месца павінна было быць звазана з вобразамі дабрабыту і шчасця – там, дзе раней ужо калісьці стаяла хата, у якой мірна працякала жыццё, ці тое месца, якое аблюбоўвала сабе для адпачынку рагатая жывёла, якая ў славянскай міфалогіі была сімвалам хатняга дабрабыту. Увогуле, у беларусаў жывыя істоты былі звязаны з дабрабытам – таму месца, дзе яны адпачывалі, лічылася добрым (нават назіралі мурашоў. Пачатак будаўніцтва прымяркоўваўся да пэўнай календарнай даты – канец Вялікага посту, маладзіковая фаза месяца, бабіна лета. Найбольш спрыяльнымі днямі лічылі аўторак і чацвер.

Хата лічылася закончанай, калі ў ёй была зроблена печ. Наваселле (улазіны, уваходзіны) у народнай традыцыі расцэньвалася як вялікае сямейнае свята.