
Народнае дойлідства – галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам народных будаўнічых традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сацыяльна-эканамічных умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр'ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі будаўнічай вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам архітэктурна-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкаратыўнага ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з'яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Народнае дойлідства Беларусі – адна з яркіх старонак яе матэрыяльнай культуры, важны складнік гістарычнага працэсу фарміравання асяроддзя бытнасці народа. Будаўнічая тэхніка была арганічна знітавана з прыродай, кліматычнымі ўмовамі, вызначалася рацыянальнасцю і самадастатковасцю. умелым выкарыстаннем мясцовых будаўнічых матэрыялаў.
Для забудовы выкарыстоўваліся ўтульныя мясціны на поплавах і берагах, водападзелах, лясных палянах і ўзлесках. Дойлідства было непарыўна звязана з іншымі элементамі матэрыяльнай культуры, гаспадаркай, побытам.
Шэдэўры народнага драўлянага дойлідства — сведчанне духоўнага багацця і майстэрства нашых продкаў, адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.
Традыцыйнае дойлідства з’яўляецца крыніцай прафесійнага будаўнічага мастацтва, архітэктуры. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канструкцыйных і фарматворчых асноў народнага дойлідства.