MO

Народнае дойлідства. Модуль 2

Гістарычныя тыпы паселішчаўПазнаёмцеся з асноўнымі тыпамі беларускіх паселішчаў
3/12

Паселішчы – адна з найбольш вывучаных абласцей беларускага народнага дойлідства, дзякуючы абшырнаму этнаграфічнаму, археалагічнаму і гістарычнаму матэрыялу.

У каменным і бронзавым веку на Беларусі пераважалі стаянкі часовыя пасяленні людзей. У жалезным веку з’яўляюцца даўгачасовыя пасяленні ўмацаванага (гарадзішча) і неўмацаванага (селішча) тыпаў. Практычна ўсе віды традыцыйных паселішчаў на тэрыторыі Беларусі сфарміраваліся ў эпоху Сярэднявечча. Пазнаёмцеся з іх асноўнымі тыпамі.

Пагост (ад ст.-слав. “погостити” – пабываць у гасцях) – у Х – ХІ стст. – пастаялы двор, дзе часова спыняўся князь (у тым ліку для збору палюддзя), духоўныя асобы ці купцы (госці). Да тыпалагічных прымет пагостаў адносіліся: наяўнасць царквы з абшчыннымі могілкамі і сядзібай святара, сельскай забудовы вакол цэнтра, сельскага прыхода. На Беларусі (Пінскае княства) існавалі да пачатку XVI ст., потым ператварыліся ў вёскі, сёлы ці мястэчкі.

Вёска (ст.-слав. “въсь”) – асноўны тып сельскага паселішча на Беларусі, які ўзнік у раннім Сярэднявеччы ў выніку рассялення земляробаў, якія асядалі ў пэўнай мясцовасці, зручнай для пражывання; будавалі тут сядзібы, уладкоўвалі і пашыралі аграрную гаспадарку. Жыхары вёскі – гэта ў асноўным сяляне, асноўны іх занятак – сельская гаспадарка – земляробства, жывёлагадоўля і разнастайныя промыслы. На працягу многіх стагоддзяў вёска з’яўлялася асяродкам самабытнай культуры, захавальніцай багатых духоўных традыцый і вытворчага вопыту.

Сяло – старажытны тып сельскага паселішча на Беларусі, якое пачаткова з’яўлялася загараднай княжацкай рэзідэнцыяй (дзе побач з гаспадарскім дваром знаходзіліся хаты чэлядзі), цэнтрам вотчыны ці маёнтка феадала. Сяло адрознівалася ад вёскі большымі памерамі, адміністрацыйным і гандлёва-эканамічным значэннем. У ХІХ ст. сяло – гэта цэнтр воласці з царквою, школай, валасною ўправаю, з запасным магазінам, карчмой. Пры гэтым, наяўнасць царквы (касцёлу) магла быць неабавязковай: у Віцебскай губерні ў сярэдзіне ХІХ ст. налічвалася звыш 1300 сёл, а цэркваў у сельскай мясцовасці было толькі 190.

Дзярэўня – старажытны тэрмін для пазначэння сельскага паселішча ў лясной зоне (ад слова “драць” – выкарчоўваць дзялянкі ў лесе). У ХІХ ст. пад дзярэўняй разумелі сельскія паселішчы, якія не адносіліся да катэгорыі хутароў, сёл, мястэчак. У гэтым значэнні слова “дзярэўня” і зараз выкарыстоўваецца ў паўночна-заходніх гаворках беларускай мовы.

Слабада (воля, вулька) – сельскае паселішча, тыпалагічна набліжанае да вёскі, жыхары якога на пэўны час (ад 2 да 12 гадоў) вызваляліся ад феадальных павіннасцяў. Падобныя меры прадпрымаліся землеўладальнікамі пры засваенні няўдобіц і лясных масіваў і пры аднаўленні сельскай гаспадаркі ў паваенны час. У адрозненне ад рускіх рамесных слабод, вясковыя слабоды на Беларусі былі выключна земляробчымі. Разам з тым, у XVI – XVII стст. тэрмінам “слабада” пазначалі гандлёва-рамесніцкі пасад феадальнага гораду.

Хутар – адасобленая сялянская гаспадарка, у якой хата і ўсе гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся побач з ворнай зямлёй. Хутар, як тып сельскіх пасяленняў, вядомы на Беларусі з канца ХІХ ст., што было звязана з развіццём капіталістычных адносін на вёсцы. У выніку Сталыпінскай рэформы, хутар на пачатку ХХ ст. становіцца адной з асноўных форм сельскіх паселішчаў у Віцебскай (26,2 % усіх сялянскіх двароў) і Магілёўскай (14,5%) губернях. Калектывізацыя 1930-х гадоў практычна знішчыла хутар, як адметны элемент беларускай культурнай прасторы. У Заходняй Беларусі хутары захаваліся да 50 – 60-ых гадоў.

Засценак – тып сельскага паселішча, які ўзнік у выніку аграрнай рэформы XVI ст. Паводле “Уставы на валокі” (1557) уводзіўся трохпольны севазварот, калі ўся сялянская зямля дзялілася на 3 полі з дакладна вызначанымі межамі (“сценкамі”). Пасля межавання заставаліся абрэзкі ворнай і сенакоснай зямлі – засценкі. Яны звычайна знаходзіліся на краі поля і аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце (адсюль – засцянковая шляхта). Так узнікалі засценкі, якія адрозніваліся ад хутароў сацыяльным паходжаннем жыхароў. З цягам часу (у выніку сямейных падзелаў) засценкі маглі павялічвацца да 5 – 10 і болей сядзіб. У савецкі час засценкі зніклі як у выніку ссялення жыхароў з хутароў, так і перайменавання іх у вёскі.

Фальварк (ад ням. “Vorwerk” – хутар) – невялікія (1 – 5 двароў) шляхецкія маёнткі, якія масава з’явіліся пасля валочнай рэформы (1557) і займаліся вытворчасцю хлеба на продаж. Галоўным элементам фальварка быў сядзібны дом, да ганку якога вяла алея, што пераходзіла ў курданёр (парадны двор перад будынкам). Паабапал алеі знаходзіліся свірны, ляднік, сырніцы, за домам – сад. Калі мелася рэчка ці ручай, то там размяшчаліся складоўня, бровар, млын. У ХІХ ст. назва “фальварк” замацавалася за ўсімі дробнымі шляхецкімі маёнткамі.

Мястэчка – прамежкавая форма паселішча паміж горадам і вялікім сялом. Яго ўзнікненне было абумоўлена распаўсюджаннем грашовай рэнты і стварэннем вотчынных таргоў у ХV – XVI стст. Паселішчы, што ўзніклі пры таргах, з цягам часу пераўтвараліся ў міжгарадскія гандлёва-рамесніцкія цэнтры, што адыгрывалі значную ролю ў таваразвароце ўнутранага рынку цэлага краю. Да прыняцця Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года заснаванне мястэчак было пераважным прывілеем вялікакняжацкай улады. У канцы XVI – XVII стст. масава з’яўляюцца і прыватнаўласніцкія мястэчкі. Усяго на Беларусі ў XVI – XVIII стст. налічвалася больш за 300 мястэчак, большасць з іх – у заходняй частцы краіны.

Паводле сваёй планіроўкі, якая фармавалася ў пэўную гістарычную эпоху, мястэчкі падзяляюцца на гатычныя (плошча з вуліцамі, якія прымыкаюць да яе па датычнай), рэнесансныя (радыяльны план), барочныя (пераважна прыватнаўласніцкія побач з замкамі ці маёнткамі), ампірныя. Апошні тып узнік у выніку горадабудаўнічых пераўтварэнняў першай паловы ХІХ ст., накіраваных на ліквідацыю рэшткаў сярэднявечных земляных умацаванняў, вузкіх крывых вуліц і пераходу да рэгулярнай, квартальнай забудовы.

Істотна адрозніваюцца паміж сабой мястэчкі ўсходніх і заходніх рэгіёнаў Беларусі. Першым уласцівы адсутнасць плошчы (яе замяняла пашырэнне вуліцы), машчэнне вуліц, тратуараў. Якіх-небудзь устойлівых традыцый у размяшчэнні грамадскіх і культавых пабудоў тут не склалася, забудова амаль цалкам драўляная. У мястэчках заходніх рэгіёнаў вылучалася плошча, вакол якой стаялі царква і (ці) касцёл, гандлёвыя рады, карчма, найбольш дыхтоўныя дамы рамеснікаў і гандляроў. Плошча і вуліцы былі брукаваныя, тратуары рабіліся з дошак.

Як афіцыйная форма паселішча, мястэчкі праіснавалі да 1938 г. (у Заходняй Беларусі – да 1939 г.), калі згодна ўрадавай пастановы яны былі пераведзены ў катэгорыю гарадоў, гарадскіх пасёлкаў ці ў разрад вёсак.

Горад – вялікі населены пункт, які з’яўляецца прамысловым, гандлёвым, культурным, рэлігійным і адміністрацыйна-палітычным цэнтрам прылеглага раёна, вобласці, краіны. Для яго характэрны тэрытарыяльная канцэнтрацыя вытворчасці, большая люднасць і тэрыторыя, больш разнастайны, чым у вёсцы, сацыяльны склад насельніцтва. Звычайна гараджане заняты ў прамысловасці, гандлі, сферах абслугоўвання, кіравання, навукі і культуры. Гэта спараджае сукупнасць бытавых рыс, якія складаюць гарадскі лад жыцця.