MO

Народнае дойлідства. Модуль 2

Інтэр’ер сялянскай хатыПазнаёмцеся з інтэр’ерам традыцыйнага жылля беларусаў
6/12

Інтэр’ер жылля – гэта ўнутраная прастора, функцыянальна і эстэтычна арганізаваная. Ён уключае канструкцыю і аб’емныя формы ўнутранага памяшкання, яго структуру, узаемныя прапорцыі, мэбліроўку, асвятленне, убранства. Разнастайныя рэчы хатняга ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбня, тканіны, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр’ера сваё звыклае, уласцівае ім месца, размяшчаліся ў пэўнай паслядоўнасці і парадку, утвараючы пэўную функцыянальную і кампазіцыйную ўзаемасувязь.

Да 60 – 70-ых гадоў ХІХ ст. вясковыя хаты ў большасці сваёй былі яшчэ курнымі. Яны мелі глінабітныя курныя печы без коміна. Печ займала каля чвэрці карыснай плошчы жытла. Найбольш старажытным тыпам з’яўляюцца курныя печкі-каменкі. Пасля сталі рабіць глінабітныя (курныя, пазней – з комінам), а з канца ХІХ ст. цагляныя печы. У Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі для аптымальнага ацяплення жытла будавалі дадатковыя печкі: грубкі, сценкі, стаякі, шчыткі. У кутку каля печы знаходзіўся качарэжнік (камешнік) – месца, дзе стаялі вілкі для гаршкоў (ухваты), чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.

Супраць печы, каля ўвахода, размяшчаўся гаспадарчы кут (“бабін кут”), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, карцы, апалушкі, сальніца і інш. Над лавай на сцяне вісела кухоная паліца з посудам, побач – лыжачнік (драўляная планка з гнездамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела паўсядзенная верхняя вопратка (світка, бурнос, кажух, курта). Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзіўся каневы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памоста. Тут ляжалі матрац (сяннік), пуховыя падушкі, посцілкі; часам памост падзяляўся на дзве часткі ўзорным тканым дываном, ці полагам. Вышэй, на ўзроўні лежака печы, былі ўладкаваны палаці. Пад столлю ўздоўж сцен мацавалі па дзве паралельныя жэрдкі – грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва, кудзелі льну, маткі нітак, лыка для лапцей, аўчыны і інш. Ніжэй вокнаў уздоўж сцен (амаль па ўсей даўжыні іх) уладкоўвалі шырокія лавы, якія сходзіліся на покуці. Яны служылі за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй. У час наваселля лавы ўрачыста пераносіліся са старой хаты ў новую.

Покуць (красны кут) – найбольш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытневых каласоў і траў. Нярэдка абразы памяшчалі ў бажніцу, зробленую ў выглядзе драўлянай шафкі. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр’ера – размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ) – з захадам і поўначчу. На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям’я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці – гаспадар дома, за ім – па старшынстве іншыя члены сям’і. Сярод мэблі, апрача лаў, палічак, кутняга стала, шырока ўжываліся ўслоны, архаічныя табурэты (у форме куба), дзіцячыя стойкі, хадуны, уласцівыя той ці іншай мясцовасці формы калысак.

У цёмны час сутак хата асвятлялася з дапамогай лучніка (пасвета, светача, дзеда), які ў сваёй канструкцыі меў рэгіянальныя асаблівасці. На Палессі са столі звісала халява лучніка – сплеценая з лазы труба, абмазаная глінай, да якой унізе прымацоўвалася
металічная рашотка, дзе спальвалі лучыну. На падлозе, пад лучніком, ставілі посуд з вадой для падаючага вуголля. У Панямонні лучыну палілі на каменнай плошцы ці ў камінку – спецыяльнай нішы на куце печы. У Падзвінні і Падняпроўі лучыну заціскалі ў спецыяльны клямар (заціск), які забівалі ў сцяну ці трымалі на стойцы (пасвет), замацаванай у крыжавіне ці калодцы.

Пасля адмены прыгоннага права адбываліся якасныя змены ў народным побыце і культуры, што не магло не адбіцца і на арганізацыі сялянскага жылля. Курныя печы паўсюдна замяняліся на “чыстыя”, ці “белыя”, з дымаходам, выведзеным за межу даху. Палілася “па-беламу”. У адрозненне ад печы, якая палілася “па-чорнаму”, дым не трапляў у хату і сажа не асядала на сценах і столі. У народным традыцыйным жыллі пачала шырока распаўсюджвацца з другой паловы XIX ст. У маёнтках, гарадах і кляштарах белая печ вядома з ХІІІ-ХІV стст.

У канцы ХІХ ст. у сялянскім жыллі ўсе часцей з’яўляліся цагляныя печы. Павялічыліся памеры вокнаў, што мелі зашклёныя шыбы. Падлога масцілася цесам ці дошкамі (незалежна ад характару мясцовых грунтоў), часам рабілі падлогу на адной палавіне хаты – ад покуці да печы, а прастора каля ўвахода (дзе размяшчаўся “бабін кут”) мела глінабітны ток.

Прыкметна мянялася і мэбліроўка сялянскіх хат. Замест палацяў ці паралельна з імі сталі выкарыстоўваць драўляныя ложкі. У шырокі ўжытак пачалі ўваходзіць канапы, крэслы, больш сучасныя сталы, табурэты, услоны, якія паступова выцяснялі нерухомыя лавы, сталы, услончыкі на плоскай аснове (больш зручныя для земляной падлогі). Сцены хат нярэдка счэсвалі (склютавалі) знутры, што давала магчымасць больш поўна выявіць натуральную фактуру дрэва і яго дэкаратыўныя ўласцівасці.

Мэбліроўка і размяшчэнне разнастайных бытавых рэчаў у хаце ў многім залежалі ад памераў і структуры жылля і яго сувязі з падсобнымі памяшканнямі – сенцамі, клеццю, варыўней. У трохкамерным жыллі тыпу хата + хата + сенцы, хата + кухня + сенцы печ і гаспадарчы кут (разам з кухонным посудам і адпаведным інвентаром) адчлянялі ад параднага памяшкання (святліцы), дзе заставаліся традыцыйная покуць, шафа, куфар з чыстым адзеннем і бялізнай, стаялі ложкі, крэслы, услоны.

Абсталяванне сенцаў складалі плеценыя і даўблёныя ёмістасці, паліцы з запасамі посуду і розным інструментам, ашосткі для старых кажухоў, мяшкоў, збруі, жорны ў куце, лесвіца на гарышча. Маглі стаяць таксама ложак, стол, лавы, бо ў сенцах улетку любілі паспаць «на халадку», жылі дарослыя дзеці. Калі побач з сенцамі былі камора, клець ці кладоўка, то частка абсталявання пераносілася туды, а ачышчаныя памяшканні таксама выкарыстоўваліся як летняе жыллё.

Акрэслены інтэр’ер у агульных рысах адлюстроўвае найбольш тыповыя рысы, уласцівыя беларускаму жыллю, што, аднак, не вычэрпвае яго разнастайнасці, лакальных, этнаграфічных асаблівасцей.