Народныя танцы
Народны танец – гэта фальклорны танец, які мае традыцыйныя для дадзенай мясцовасці рухі, рытмы, касцюмы.
Нарадзіўся ён у глыбокай старажытнасці з магічных абрадаў. Продкі нашы верылі, што з духамі, багамі і ўсім космасам можна – і трэба – мець кантакт. А адной з умоў такога ўзаемаразумення станавіўся рытмічны рух. Танцавальныя рухі развіваліся таксама і з прычыны імітацыі рухаў жывёл, птушак, а пазней – жэстаў, якія адлюстроўвалі пэўныя працоўныя працэсы. Рытмічныя магічныя рухі складваліся ў пэўныя танцы.
Са старажытных часоў культурнае жыццё беларусаў было цесна звязана са святамі каляндарнага года. Усе святы і абрады суправаджаліся гульнямі і танцамі. Танцавалі пад бубен, скрыпачку, пад дуду, радзей пад гармонік.
Адным з архаічных харэаграфічных жанраў, які захаваў сувязь з каляндарнай і сямейнай абраднасцю, з’яўляецца карагод. Карагод складаецца з песні, гульні і танца. Карагоды часцей прымяркоўваліся да каляндарных святаў, выконваліся на вуліцы пры вялікім зборы народа. Станавіліся такія дзеі важнай формай знаёмстваў і заляцанняў для моладзі. Па тэматыцы беларускія карагоды разнастайныя: яны адлюстроўваюць працоўную дзейнасць, сямейны ўклад, каханне і, вядома, святы.
Асаблівасць беларускага танца – дынамічнасць, жыццярадаснасць і супольны характар выканання.
Найбольш папулярныя беларускія народныя танцы – “Лявоніха”, “Крыжачок”, “Юрачка”, Бульба”.
“Крыжачок” – парны беларускі народны танец, выконваецца неабмежаванай колькасцю ўдзельнікаў у хуткім тэмпе. Паходжанне назвы звязана з назвай дзікага качара – “крыжак”, сам жа танец належыць да групы танцаў, якія пераймаюць рухі птушак. Магчыма, што назва “Крыжачок” паходзіць ад слова “крыж”, паколькі для гэтага танца характэрныя пераходы крыж-накрыж.
“Лявоніха“ – самы папулярны і любімы ў Беларусі сярод традыцыйных народных танцаў. У ім ярка выяўлена душа беларускага народа, яго нацыянальныя рысы. “Лявоніха” выконваецца парамі з сольнымі варыяцыямі пад аднайменную песню жартоўнага зместу. Танец дынамічны, жыццярадасны. На вяселлі “Лявоніха” была галоўным танцам, а на вячорках суправаджалася разнастайнымі прыпеўкамі, напрыклад:
- А Лявоніха не ладна была,
- Нямытую мне кашульку дала,
- Нямытую, некачаную,
- У суседа пазычаную.
Танец “Бульба” – гэта выдатны прыклад таго, як можна з легкасцю і весялосцю ставіцца да стомнай працы, і як можна пасля яе расслабіцца ў гарэзных скоках. Танец вылучаецца лёгкасцю, жвавасцю. У танцы задзейнічаны толькі дзяўчаты.
Беларускі народны танец “Юрачка” вельмі пацешны, у ім паказваюцца рысы характару персанажа Юрачкі ў смешнай форме. Пары танцам ішлі адна за адной з лёгкім прытопам. Апошнім ішоў Юрачка, вытанцоўваючы розныя каленцы. Калі пары праходзілі кола, Юрачка забіраў у першага хлопца яго дзяўчыну, і той займаў месца ззаду і выконваў ролю Юрачкі. Карагод працягваўся, пакуль усе хлопцы не выканаюць гэтую ролю. А тон задавала песня: “А чаго ты, Юрачка, ды ня жэнішся, Прыйдзе вясна, дзе ты дзенешся...”
Народны тэатр
Народны тэатр – адна з сінтэтычных галін мастацкай творчасці. Вытокі народнага тэатрa ўзыходзяць да старажытных паляўнічых і земляробчых абрадавых гульняў, культавых рытуалаў, дзе зараджаліся элементы гульні і тэатральнага дзейства. Ён развіваўся з творчасці вандроўных музыкаў, прыдворных труп беларускіх магнатаў, дзейнасці актораў-аматараў.
Найвышэйшай формай народнага тэатрa з’яўляецца народная драма. Гэта фальклорнае тэатральнае прадстаўленне, якое не мае ў сваёй аснове фіксаванага тэксту і якое існуе ў сцэнічнай форме. Паказы народнай драмы дастаткова вялікія па аб’ёме, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10 – 20 чалавек), пэўнымі прыёмамі сцэнічнага выканання, спецыяльнай падрыхтоўкай (асноўная форма яе – рэпетыцыі, на якіх завучвалі тэкст, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты; выраблялі рэквізіт, рыхтавалі касцюмы). Найбольш вядомымі ў народзе былі драмы “Цар Максіміліян, “Цар Ірад”, “Трон” , а таксама кароткія драматычныя сцэнкі тыпу “Мацей і доктар”.
Асабліва папулярнымі ў Беларусі былі тэатр “жывых” акцёраў, а таксама народны тэатр лялек – батлейка, які вядомы з XVI ст. і меў розныя назвы: яселка, батляемка (назва паходзіць ад горада Бэтлеема (Betleem) – месца нараджэння Хрыста. Часцей за ўсё батлейка паказвалася на калядныя святы. Батлеечнікі вандравалі па ўсёй Беларусі. Іх сустракалі як самых дарагіх гасцей.
Рэпертуар батлейкі багаты жыццёвым і фальклорным матэрыялам, незвычайным сюжэтам, вялікай колькасцю персанажаў. Дзея звычайна мела дзве часткі: кананічную (рэлігійную) і свецкую (народна-бытавую), дзе даволі часта высмейваліся такія сацыяльныя тыпы, як доктар-шарлатан, фанабэрысты шляхціч, скнара карчмар.
У станаўленні народных форм тэатральных прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафесійныя акцёры – скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў, музыкі (дудары, лірнікі, бубнары, пазней скрыпачы), выканаўцы драматычных сцэнак.