MO

Народнае мастацтва і традыцыйныя рамёствы. Модуль 2

Галіны народнай творчасціПазнаёмцеся з галінамі народнай творчасці.
5/11

Народнае мастацтва – гэта калектыўная мастацкая дзейнасць, якая ствараецца народам і бытуе ў народзе, адлюстроўвае яго жыццё, погляды, ідэалы. Уключае ўсе галіны мастацтва: паэтычную творчасць (фальклор), музыку, тэатр, народны танец, дойлідства, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пад галінамі народнай творчасці разумеюцца ўстойлівыя (нязменныя) формы творчай актыўнасці народа.

Зарадзілася народнае мастацтва ў глыбокай старажытнасці, а сёння з’яўляюцца асновай сусветнай мастацкай культуры.

У народнай творчасці стваральнікі твора адначасова з’яўляюцца яго выканаўцамі, а выкананне ў сваю чаргу можа стаць тым варыянтам, што ўзбагачае традыцыю; важную ролю адыгрывае таксама цесны кантакт выканаўцаў з гледачамі, слухачамі, якія часта могуць выступаць удзельнікамі творчага працэсу. Адметная рыса народнай творчасці – яе супольнасць: у абрадавых дзействах зліваліся паэзія, музыка, танец, тэатр, дэкаратыўнае мастацтва; у народным жыллі непадзельнае цэлае стваралі архітэктура, разьба, размалёўка, кераміка, вышыўка.

Вывучаюць народную творчасць фалькларысты, этнографы, мастацтвазнаўцы.

У Беларусі народная творчасць узнікла на агульнай усходне-славянскай глебе, але выпрацавала свае адметныя нацыянальныя рысы. На змест і форму беларускай народнай творчасці ўплывалі гісторыка-эканамічныя, сацыяльна-палітычныя, прыродна-кліматычныя ўмовы, моўныя, псіхалагічныя і іншыя асаблівасці развіцця беларускага этнасу.

Народная творчасць вылучаецца багаццем творчай фантазіі, арыгінальнасцю і цэласнасцю мастацкай задумы, сілай і шчырасцю пачуцця, разнастайнасцю выяўленчых сродкаў, гарманічным спалучэннем практычнай мэтазгоднасці і дэкаратыўнага аздаблення, высокім густам і тонкім адчуваннем творцаў.

Мастацкія творы з характэрнымі прыкметамі, у якіх мастацкая інфармацыя кадавалася адрознымі спосабамі, шмат разоў ствараліся і выконваліся, і ў выніку склаліся розныя галіны народнай творчасці.

Візуальныя галіны народнай творчасці – бачныя прадметы мастацтва, што існуюць статычна і, створаныя аднойчы, не змяняюцца з часам (хата, цацка).

Гукавыя галіны народнай творчасці акцэнтуюцца на гуку, з дапамогай якога мы засвойваем і разумеем мастацкую інфармацыю: інструментальная мелодыя, народная песня, казка, загадка, прыказка, прымаўка. Гукавыя галіны творчасці народа не займаюць прасторы, творы разгортваюцца ў часе.

Для сінтэтычных галін народнай творчасці характэрна спалучэнне візуальных і гукавых форм мастацтва. Да гэтага віду творчасці народа адносяцца відовішчы, якія мы і бачым, і чуем адначасова (тэатр, танец).

Візуальныя віды народнай творчасці
  • Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
  • Лубок
  • Дойлідства
Аўдыяльныя віды народнай творчасці
  • Песні
  • Казкі
  • Загадкі
  • Музыка
Сінтэтычныя віды народнай творчасці
  • Танцы
  • Тэатр