
Народнае мастацтва Беларусі – галіна нацыянальнай мастацкай культуры, адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення творчай дзейнасці народа. Уключае дойлідства, музыку, тэатр, танцы, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, ганчарства, разьбу па дрэве, ткацтва, вышыўку, кавальства. Гарманічна спалучае эстэтычныя і ўтылітарныя функцыі.
Народнае мастацтва беларусаў з’яўляецца яркай праявай нацыянальных рыс яго духоўнага жыцця, увасабленнем каштоўнасцей народа ў словах, выявах, арнаментах, гуках, формах, матывах. Сваімі вытокамі яно ўзыходзіць да старажытнасці і на працягу стагоддзяў выпрацавала сваю сістэму вобразнасці, тыповыя прыёмы, стварыла свой самабытны і арыгінальны стыль.
Творы народнай культуры – гэта крыніца мудрасці і духу народа, якая падмацоўвае самасвядомасць грамадства і яго культурную ідэнтычнасць.
Народная творчасць уяўляе сабой сукупнасць твораў народнай культуры, гэта значыць, вынікаў мастацкай дзейнасці народа. Іншымі словамі, народную творчасць можна назваць мастацтвам, якое створана народам і для народа. Сёння народная творчасць – гэта комплекс працэсаў захоўвання, стварэння і распаўсюджвання вынікаў мастацкай дзейнасці народа. Творы, што захаваліся да нашых дзён, адлюстроўваюць ідэалы народа, яго светапогляд, традыцыі, нормы паводзін, мараль, веру, захоўваюць у сабе сляды мінулых эпох, падзей. Яны маюць духоўную і матэрыяльную каштоўнасць, вылучаюцца прыгажосцю і карысцю.
Разнастайнасць твораў народа цесна звязана з характарам культуры. У кожным рэгіёне свае арыгінальныя формы і колеры. Нягледзячы на разнастайнасць, для народнай творчасці характэрны агульныя рысы, якія надаюць ёй менавіта народныя якасці.
Мастацкая дзейнасць народа валодае ўнікальнай уласцівасцю: дзякуючы творчаму асэнсаванню розных аспектаў жыцця, яна здольна вучыць, выхоўваць, натхняць.