Пад рамёствамі разумеецца вытворчасць прамысловых вырабаў уручную з выкарыстаннем механічных прылад і інструментаў, майстэрства ўмелых рук. Рамяство займае важнае месца ў культуры і ў жыцці народа. Яно з’яўляецца першай гістарычнай стадыяй апрацоўчай вытворчасці, якая папярэднічала машыннай прамысловасці. Імкненне да прыгажосці – адна з неад’емных якасцей чалавека. Ствараючы нейкую рэч, ён стараецца, каб яна была не толькі зручнай, але і прыгожай. Таму такія вырабы часта з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва, хоць асноўнае іх прызначэнне – практычнае выкарыстанне.
У Беларусі даўняя багатая гісторыя традыцыйных мастацтваў і рамёстваў, многія з якіх існуюць і цяпер.
Сярод асноўных, традыцыйных рамёстваў вылучаюцца ткацтва, дрэваапрацоўка, ганчарства, саломапляценне, лозапляценне.
Ткацтва
Людзі асвоілі першыя элементы ткацтва яшчэ ў каменным веку (XIII-VII тыс. да н.э.). Першымі ткацкімі вырабамі былі адзенне, абутак, посцілкі з расліннага валакна. Адной з першых раслін, якія выкарыстоўваліся для атрымання вырабу тканіны, была звычайная крапіва. Аднак тканіна з яе атрымлівалася вельмі грубай, таму з часам крапіву замянілі лён, воўна і бавоўна.
У беларусаў ткацтва было хатнім заняткам жанчын, і толькі з развіццём таварнай вытворчасці яно стала доляй мужчын-рамеснікаў. Любая дзяўчына з малых гадоў умела ткаць паясы, ручнікі, абрусы, пакрывалы, фіранкі, ходнікі і многае іншае. Дэкор, каляровае спалучэнне, арнаментальныя матывы кожнай рэчы неслі даволі глыбокі сакральны сэнс і часта выконвалі не проста дэкаратыўную функцыю, але і былі праявай забытых абрадаў і рытуалаў.
Дрэваапрацоўка
Мастацтва апрацоўкі дрэва прыйшло да нас з глыбокай даўніны. Ужо пячорныя людзі шмат тысяч гадоў таму валодалі першаснымі навыкамі дрэваапрацоўкі. Прыладамі служылі ракавіны, зубы жывёл, косткі і камяні. З часам з простага рамяства дрэваапрацоўка ператварылася ў сапраўднае мастацтва.
З драўніны будавалі не толькі гаспадарчыя пабудовы і жылыя будынкі, але і культавыя збудаванні (капліцы, храмы), гарадскія сцены, брамы і фартыфікацыйныя ўмацаванні. У кожнай сям’і былі прадметы хатняга ўжытку і прылады працы, вырабленыя з драўніны – лодкі, сані, калёсы, павозкі і карэты; верацёны, калаўроты, матавілы; посуд; сталы, лаўкі і іншая мэбля.
Найбольш распаўсюджаным заняткам жыхароў Беларусі было будаўніцтва, альбо цяслярства), паколькі ўвесь час мелася патрэба ва ўзвядзенні жылых і гаспадарчых пабудоў. Цяслярства – адно з самых старажытных дрэваапрацоўчых рамёстваў, існуючых у сінхронным адзінстве са сталярствам: абодва рамяствы былі накіраваны на стварэнне жыллёвых умоў і ўладкаванне жыллёвага асяроддзя. Існавалі таксама цесляры, якія ўзводзілі масты, плаціны, млыны, цэрквы і г.д. Да цяслярства адносіцца і будаўніцтва драўляных падмуркаў, сцен, падлогі, перагародак, перакрыццяў (бэлек, насцілаў), дапаможных канструкцый (рыштаванняў, памостаў). Выпрабаваныя народнымі цеслярамі-дойлідамі аптымальныя формы паспяхова выкарыстоўваюцца і ў наш час.
Шырока распаўсюджана было таксама бондарства – выраб драўлянага посуду з клёпак, трапецападобных ці акруглых плашак, счэсаных да неабходнай таўшчыні. Посуд з дубовай, хваёвай, яловай, асінавай клёпкі шырока ўжываўся ў хатнім побыце беларусаў і вырабляўся пераважна для патрэб мясцовага рынку.
Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці іншай драўніны: народныя майстры ўлічвалі пароду дрэва, яго стан, вільготнасць, час нарыхтоўкі. Адной з самых каштоўных парод быў дуб. З яго выраблялі бочкі і кадкі пад квас, сок, грыбы, гародніну, вёдры для студні, біклагі, дзежкі. З сасны найчасцей рабілі цэбры, балеі, часам бочкі і кадзі. Пры вырабе даёнак, боек перавагу аддавалі елцы, драўніна якой больш цвёрдая і менш успрымае вільгаць. З асіны рабілі бочкі пад капусту. Абручы для посуду выраблялі звычайна з ляшчыны, радзей з елкі.
Адным з самых старажытных сярод дрэваапрацоўчых з’яўляецца даўбёжнае рамяство. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы – з дубу, хвоі.
Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, кублы, апалушкі, бойкі, сальніцы. Тым жа спосабам з дапамогай долата, пешні і скоблі рабілі некаторыя віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў, калодных вулляў. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду зрэдку трапляецца ў прыватных гаспадарках.
Ганчарства
Ганчарства – вытворчасць ганчарных вырабаў з гліны гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння. Гэта адно са старажытнейшых рамёстваў. Гліна, сыравіна для ганчарных спраў, знаходзілася ў наваколлі амаль кожнай вёскі, прылады працы былі ў кожнай сялянскай гаспадарцы. Рыдлёўкамі капалі гліну і стругалі яе косамі. Перапалены свінец, волава, шлак пераціралі на жорнах, з перацёртага парашку рабілася каляровая паліва. Спачатку вырабы проста ляпілі з гліны, пазней карысталіся ганчарным кругам. Для абпальвання керамікі будавалі невялікую печ-горан з камянёў. Калі вырабаў было няшмат, толькі для сваёй гаспадаркі, іх абпальвалі ў хатняй печы.
У сялянскай сядзібе вырабляліся толькі самыя простыя і неабходныя ў гаспадарцы рэчы. Больш складаныя – вазоны, букетніцы, кубкі, друшлякі – куплялі на кірмашы ў местачковых рамеснікаў. На кірмашы керамічныя вырабы былі прыгажэйшыя і асартымент іх быў больш багатым, былі і фабрычныя вырабы.
Ганчарныя вырабы карысталіся вялікім попытам, кошт іх быў адносна невялікі. Акрамя посуду, часта аздобленага зялёнай палівай, шырока распаўсюджана была вытворчасць цэглы, дахоўкі, кафлі.
Саломапляценне
Здаўна на ўсёй Беларусі бытуюць разнастайныя вырабы, плеценыя з лазы, саломы, чароту, каранёў. Асабліва шырока выкарыстоўвалася для гэтых мэтаў салома.
Саломапляценне – традыцыйнае старажытнае мастацтва, чые карані сыходзяць да старажытных паганскіх культаў хлеба. Першапачаткова саламяныя вырабы былі прызначаныя для захоўвання прадуктаў са злакаў. З саломы плялі самы розны посуд – ад маленькіх гарчыкаў да вялікіх, у рост чалавека, кублаў, куды можна насыпаць з паўтоны зерня ці мукі. Формы посуду былі простыя, але разнастайныя: цыліндрычныя, бочкападобныя, накшталт збанка. Такі посуд меў чыста гаспадарчае прызначэнне і захоўваўся звычайна ў сенях, свірне, каморы.
Саломай пакрывалі дахі жылля, яна ішла на подсціл і корм скаціне, абувала і апранала чалавека, служыла ложкам, а ў неўраджайныя гады яе падмешвалі ў хлеб. З яе выраблялі хатнія рэчы, галаўныя ўборы, цацкі і ўпрыгожванні.У цяперашні час найбольш папулярныя – куфэркі, шкатулкі, лялечкі і фігуркі з саломкі, апранутыя ў традыцыйныя ільняныя строі, таксама рамкі, насценныя карціны, жаночыя ўпрыгожванні.
Розныя фігуры з саломкі – гэта страдаўнія сімвалы багоў, абярэгі. Конь – герой многіх павер’яў і казак – заўсёды суправаджаў мужчыну і быў яму і дарадцам, і абаронцам; каза – сімвал ураджаю і пладавітасці; лялька – Маці-зямля, абаронца жанчын; птушкі – душы продкаў, якія ахоўваюць і дапамагаюць тым, што жывуць на Зямлі.
Самай старажытнай і распаўсюджанай традыцыяй было захаванне і ўпрыгожванне першага “зажыначнага” і апошняга “дажыначнага” снапоў.
Адрозніваюць чатыры асноўныя спосабы пляцення: спіральныя, простыя, плоскія і аб’ёмныя пляцёнкі.
Самым распаўсюджаным лічацца спіральнае пляценне. Гэтым спосабам вырабляюць кашы, ёмістасці для захоўвання прадуктаў, адзення, збожжа і мукі, а таксама вуллі і мэблю.
Простыя і плоскія пляцёнкі выкарыстоўвалі як нарыхтоўкі для саламяных капелюшоў (брылёў), кошыкаў, карабоў, скрыначак. Аб’ёмнымі пляцёнкамі выпляталі пераважна дэкаратыўныя прадметы: кветкі, лялькі, конікі, елачкі.
Пра высокі ўзровень саломапляцення на Беларусі ў старажытнасці сведчаць царскія брамы, якія былі важным элементам мастацкага ўбрання многіх храмаў (адзінкі захаваліся ў музеі народнага мастацтва). Гэтыя творы – сапраўдныя шэдэўры мастацтва.
Новаўвядзеннем у саломапляценні можна лічыць жаночыя галаўныя ўборы. Неабходна зазначыць, што жаночыя галаўныя ўборы ў традыцыйны беларускі строй не ўваходзілі. Аднак сёння пры іх стварэнні майстры праяўляюць вялікую фантазію і майстэрства.
Прызначэнне саломапляцення практычна не змяніла свой характар: яно захавала ўтылітарна-практычную функцыю, з якой арганічна спалучаецца мастацка-дэкаратыўная. Найбольш ярка і выразна дэкаратыўныя якасці саломы выявіліся ў разнастайных куфэрках і скарбонках.
Для большасці сучасных майстроў-саломапляцельшчыкаў любімы жанр – выраб разнастайных фігурак жывёл і птушак. Такія традыцыйныя вобразы дазваляюць не адрывацца ад народнай асновы, разам з тым удасканальваць розныя тэхнікі пляцення.
Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што сучаснае саломапляценне – адметная з’ява ў нацыянальнай культуры Беларусі, якая ўвабрала ў сабе шматвекавыя традыцыі і сучасныя тэндэнцыі.
Лозапляценне
Лозапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў, якое не патрабавала спецыяльнага абсталявання і дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся. Яно з’яілася раней за ткацтва, бо правобразам тканін былі сплеценыя з розных траў цыноўкі і першыя прадметы адзення. Вырабы з лазы заўсёды служылі чалавеку і ўпрыгожвалі яго побыт. У Беларусі з лазы ўзводзілі не толькі гаспадарчыя пабудовы, але і дамы. Рабілі загарадкі, кузавы саней і вазкоў, посуд, пасткі для птушак і звяроў і нават рыбалоўныя сеткі. Асноўны матэрыял для лазы – гэта вярбовыя галінкі. Сабраную па берагах рэк і азёр лазу апрацоўвалі. Напрыклад, цёмную лазу вымачвалі ў вадзе, каб гнуткай была, белую – у спецыяльнай вадкасці.
Пляценне вядома паўсюль, дзе расце лаза. Асабліва багатыя гэтым матэрыялам Паазер’е і Палессе, дзе ўтрымліваецца да 20 відаў лазы. Лозапляценне было не толькі паўсюдным хатнім заняткам, але і развітым промыспам, асабліва ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя.
Разнастайнасцю вызначаліся і тэхнічныя прыёмы пляцення. Найбольш пашыранае і старажытнейшае – крыжовае пляценне (“клетачка”). “Клетачка” – найбольш зручны спосаб пляцення, па малюнку ён нагадвае тэкстыльныя вырабы. З-за сваёй сіметрычнай формы “клетачка” дазваляе лёгка разлічваць і фармаваць вырабы практычна любога выгляду.
Калі галінкі асновы дастаткова тоўстыя, на плеценай паверхні ўтвараюцца своеасаблівыя рэбры, і тэхніка такога лозапляцення называецца рабрыста-крыжовай, альбо “ялінкай”. Пляценне “ялінкай” складанае і выразнае, яно дазваляе атрымліваць больш шчыльную паверхню. Большасць бытавых і ўтылітарна-дэкаратыўных вырабаў плялі менавіта такой тэхнікай. Рабрыста-крыжовая тэхніка дапаўнялася пляценнем “касіцамі”, дэкаратыўныя палосы якіх ажыўлялі крыху аднастайную фактуру сценак або афармлялі краі вырабаў.
Спіральнае пляценне (“вяровачку”) выкарыстоўвалі не толькі для дробных рэчаў мастацкага характару, але нават і ў інтэр’еры. Пляценне “вяровачкай” ажыццяўляецца дзвюма папярочнымі стужкамі адначасова, якія абкручваюцца вакол элементаў асновы. Выраб атрымліваецца вельмі трывалым.
Самы найпрасцейшы спосаб пляцення з лазы ўжываецца пры вырабе гаспадарчых кошыкаў. Майстры плялі кошыкі разнастайных формаў і памераў: падоўжаныя, расшыраныя, сплюшчаныя, з перагародкамі, з вечкамі, з ручкамі, дэкаратыўна аплеценымі лазовай стужкай і інш. Адным з самых вядомых вырабаў з лазы з’яўляецца двухлучковы кошык, які ў многіх краінах называюць “беларускі”. Аснова такога каша –два абручы, змацаваныя паміж сабой шчыльным пляценнем з лазовай стужкі або дубцоў, якое называюць “зорачкай”.
Найбольш пашыраным паўсядзённым абуткам беларускага сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў былі лапці. Іх плялі з лазы, ліпы, пяньковых ці ільняных вяровачак, a таксама з кары вяза. Нарыхтоўвалі лыкі ў пачатку лета, калі кара яшчэ не прысохла да дрэва; скручвалі ў круглыя матушкі і, нанізаўшы на повязь, вешалі ў клеці або на гарышчы хаты. Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам (іх плялі ў вольны ад работы час, у зімовыя вечары). У кожнай сям’і ў любую пару года быў значны запас лапцяў. Іх насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года.
Лапцi мелi не толькi практычнае ўжыванне. Вельмi часта яны станавiлiся атрыбутам пэўных абрадаў, прычым магiчнымi якасцямi валодалi старыя, ужо зношаныя лапці. Напрыклад, старым лапцем абкурвалі карову пасля ацёлу; стары лапаць дапамагаў і пры ўваходзінах – ім “задобрывалі”, “заманьвалі” дамавіка ў новую хату. Лічылася: калі вакол агарода на некалькі штыкецін насунуць старыя лапці, то вусені не паядуць капусту, мошкі яе не пашкодзяць, а “галовы” вырастуць вялікія і сакавітыя; каб было шмат агуркоў, лапаць неабходна закінуць на сярэдзіну градкі і сказаць: “Як гэты лапаць густа плёўся, так і агуркі мае пляціцеся і радзіцеся!”.