Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва
Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку зробленых прылад працы, хатняга начыння, транспарту, посуду. Мае яскравы нацыянальны характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэтычныя ідэалы і погляды. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларусаў звязана з традыцыйнымі рамёствамі.
Адным з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўляецца выцінанка. Найбольш пашыраныя аднаколерныя выцінанкі. У Беларусі ў 19 – першай палове 20 стагоддзяў выцінанкі ўжываліся для ўпрыгожвання жылля, інтэр’еру на святы, асобных прадметаў (паліцы, суднікі, вушакі дзвярэй).
З развіццём лёгкай прамысловасці патрэба ў выцінанцы знікла, яе развіццё прыпынілася. І толькі ў канцы 80-х гадоў 20 стагоддзя намаганнямі прафесійных мастакоў і народных умельцаў выцінанка, як від мастацтва, стала адраджацца. Ёй сталі ўпрыгожваць паштоўкі, пакункі для сувеніраў, мэблю. Выцінанкі, размешчаныя ў рамачках, з’яўляюцца самастойнымі творамі мастацтва. Гэтая творчасць дазваляе майстрам увасобіць фантазію, выказаць свае думкі і пачуцці.
У хатнім ужытку беларускага сялянства шырокае распаўсюджванне меў такі від мастацтва, як вышыўка. Матэрыялам служылі ільняныя, баваўняныя, ваўняныя, зрэдку шаўковыя ніткі. Гістарычна для беларускіх тэрыторый характэрна ўжыванне ў вышыўцы чырвоных, сініх, белых колераў, хоць у залежнасці ад рэгіёна Беларусі колеры вышывак могуць адрознівацца. Вышыўкай аздаблялі жаночае і мужчынскае адзенне, суконную і аўчынную вопратку, дэкаратыўна-абрадавыя і бытавыя рэчы (ручнікі, абрусы, посцілкі і інш.).
Адрозніваюць таксама гафт, як асобны від вышыўкі. Гэта ручная ці машынная вышыўка па контуры каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, срэбранымі ніткамі, перлінамі, камянямі. Вышыўка гладдзю і крыжыкам ужывалася для ўпрыгожвання абрусаў, кашуль і асабліва ручнікоў, якія з’яўляліся важным дэкаратыўным элементам хатняга побыту, а таксама адыгрывалі значную ролю ў некаторых сялянскіх абрадах: у моманты блаславення жаніха і нявесты на шлюб ручніком апяразвалі маладых, надаючы мужчынскую і жаночую сілу. Праз плячо ім перавязвалі сватоў і сяброў жаніха на вяселлі. На заручынах нявеста адорвала ручніком свайго суджанага, на вяселлі – усю радню будучага мужа. Рукі маладых бацькі таксама звязвалі, потым вадзілі жаніха і нявесту вакол стала, даючы згоду на шлюб.
Да спосабаў упрыгожвання тканін належыць таксама распаўсюджаная ў мінулым у некаторых абласцях набіванка.
Пераважна мужчынскім заняткам, у адрозненне ад працы з тканінай, з’яўлялася апрацоўка дрэва. Распаўсюджана была разьба па дрэве, у якой вядомыя тры асноўныя спосабы арнаментацыі: лінейна-наразны (найбольш старажытны), ажурны і рэльефны. Беларуская мастацкая разьба яскрава прадстаўлена ў архітэктурных упрыгожваннях жылля: ліштвы, франтоны і шчыты. Драўляная скульптура вядомая беларусам здаўна, яна была цесна звязана з царкоўным мастацтвам. Аднак майстры-скульптары рабілі і розныя цацкі, па-мастацку апрацоўвалі бытавыя прадметы.
Асноўная вызначальная рыса народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – традыцыя творчасці (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу). А асноўныя якасці беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – яркая самабытнасць, выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, кола, выявы раслін, жывёл, птушак).
Лубок
Лубок – від выяўленчага мастацтва, малюнак з подпісам, адметны простым разуменнем, дэкаратыўнасцю, лаканізмам, яркай размалёўкай. Такія малюнкі заўсёды робяцца ў двухмернай прасторы: галоўныя персанажы павялічаны, размешчаны франтальна, фон дэкаратыўна замаляваны, часта гэта разгорнутыя апавяданні з тлумачальнымі надпісамі.
Выконваўся ў тэхніцы ксілаграфіі, гравюры на медзі, літаграфіі і дапаўняўся размалёўкай ад рукі. Да лубка адносяць і творы прафесійнай графікі, якія пераймаюць традыцыю і тэхніку лубка.
Традыцыя гэтага мастацтва вядома з 16 стагоддзя, выкарыстоўвалася ў “Малой падарожнай кніжцы” Ф.Скарыны, у ілюстрацыях беларускіх друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя малюнкі былі асабліва пашыраны на Беларусі ў XVIII – ХІХ ст.
Дойлідства
Дойлідства – галіна архітэктуры, якая развіваецца пад уплывам народных будаўнічых традыцый, дзе ўвасоблены светапогляд народа, яго ўменне арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сацыяльна-эканамічных умовах.
Традыцыйная архітэктура Беларусі – драўляная, якая мае дзве канструктыўныя сістэмы: зрубную і каркасную, у аснове якіх ляжаць адпаведна зруб ці клець з двух - ці чатырохсхільным дахам.
Менавіта народнае жыллё данесла да нас праз вякі і эпохі каштоўныя звесткі аб тым, як жыў чалавек, чым жыў, як арганізоўваў свой паўсядзённы быт, якімі прыладамі і рэчамі карыстаўся.
Жыллё – гэта не толькі жылыя памяшканні, але і ўся сядзібная забудова, што складаецца з цэлага комплексу жылых, падсобных, гаспадарчых і прамысловых пабудоў, кожная з якіх выконвала свае, уласцівыя ёй функцыі і разам з тым цесна дапасоўвалася адна да адной, утвараючы гарманічнае цэлае – сядзібны комплекс.
Сядзібны комплекс складаўся ўласна з жылля (хаты), клеці, свірна рамеснай майстэрні, варыўні (стопкі), склепа, павеці, адрыны, гумна, сушні, лазні, хлявоў, студні, вяндлярні, вазоўні.
Звычайна жыллё і гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся па перыметры двара. Да жылля прымыкалі хлявы, якія ў глыбіні двара заканчваліся адрынай. Насупраць хаты ставілі клець, да яе прымыкалі вазоўня, свіран, павець, якая служыла не толькі складскім месцам (для гаспадарчых прылад, дроў), але і рамеснай майстэрняй.
Нярэдка хлявы для буйной рагатай жывёлы і свіней будавалі па адзін бок двара, а канюшню і аўчарню – па другі, побач з адрынай
Незабудаваную прастору, што заставалася паміж памяшканнямі, па перыметры двара абносілі парканам.