Народныя песні
Народная песня – музычна-паэтычны жанр фальклору.
Вядучае месца ў беларускай музычнай культуры займае песенная творчасць, якая агортвае некалькі вялікіх гістарычных пластоў. Найбольш даўні пласт уяўляюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклу.
Каляндарна-земляробчы цыкл прадстаўлены ў Беларусі вяснянкамі, калядкамі, шчадроўкамі, масленічнымі, валачобнымі, юраўскімі , купальскімі, пятроўскімі, жніўнымі і восеньскімі песнямі.
Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў Піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі стому ад цяжкай працы.
Свята Каляд звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, галоўным чынам у апошні вечар старога года, які меў назву багатая куцця, ці шчадруха. Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі – звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі “казу”, якая лічылася апекуном ураджаю (“дзе каза рогам, там жыта стогам”). Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыстычны характар. Беларускія калядкі і шчадроўкі нагадваюць пра забарону працаваць падчас свята:
- А Калядачкі, а хадзіце к нам,
- Ой, рана, рана, а хадзіце к нам.
- А хадзіце к нам, а мы рады вам,
- Ой, рана, рана, а мы рады вам.
- Нашы праснічкі паламаліся,
- Ой, рана, рана, паламаліся.
- Верацёначкі пагубляліся,
- Ой, рана, рана, пагубляліся.
Да веснавога цыклу адносяцца вяснянкі, юр’еўскія, валачобныя, велікодныя, траецкія (або сяміцкія), куставыя, русальныя. Да іх можна дабавіць карагодныя і талочныя песні, якія выконваліся ў розныя часы веснавога цыклу. Пачынаючы часцей за ўсё з Дабравешчання, дзяўчаты залазілі на горкі, стрэхі будынкаў і гукалі вясну:
- Благаславі, Божа,
- На ўзгорку сесці,
- Лецечка адмыкаці,
- Зіму замыкаці:
- Лецечка цяпленька,
- Зіма сцюдзёная,
- Лецечка ў каточку,
- Зіма ў палазочку.
Песні гукання вясны маюць магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз – “залатыя ключы”, якімі “адмыкаюць” лета, “замыкаюць” зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны.
Валачобнікі на Вялікдзень, як і калядоўшчыкі на Каляды, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя да песень калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яcкравае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго ўнутраным светам і пачуццямі.
Юр’еўскія песні звязаны з першым выганам жывёлы ў поле. Іх ключавы матыў – “адмыканне” зямлі, “выпусканне” расы:
- Святы Юры, Божы ключнік,
- Вазьмі ключы, ідзі ў стайню,
- Вазьмі каня варанога, ідзі ў поле ў чыстае,
- Адамкні зямлю, пусці расу.
Многія вяснянкі, юр’еўскія і песні Зялёных святкаў прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў.
Талочныя песні звязаны са старажытным звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх –радасць, весялосць, гарэзлівасць:
- Талака, талака, талачыся,
- Увесь дзень на полі валачыся,
- Мы ўвесь гнаёчак павыносілі,
- На падводачках павывозілі…
Самае значнае і самае старажытнае свята летняй пары – Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найбольшай сілы.
Працяг купальскіх – Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліпеня). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю:
Пятрова ночка невялічка,
- Ой, то, то,
- Я маладзенька не выспалася,
- Ой, то, то.
- А ў цёмным лесе агонь гарыць,
- Каля агня Купалка сядзіць,
- Купалка сядзіць і ўголас плачыць.
- – Чаго ты, Купалка, плачаш?
- Ці табе тут сонейка мала?
- – Ох, нямала мне яснага сонейка.
- Тут досыць усяго, усяго!
Жніўныя песні суправаджалі адзін з самых адказных момантаў у жыцці даўнейшага земляроба – збор збажыны. Песні выконваліся жнеямі на полі і пры вяртанні ўвечары дахаты і падзяляліся на зажынкавыя (пачатак жніва), уласна жніўныя і дажынкавыя (канец жніва).
Падчас жніва абавязковымі былі абрады ўшанавання першага і апошняга снапоў, якія прыносілі ў хату і ставілі на покуці, “завіванне барады“ на дажынках, кулянне па пожні са словамі “Ніўка, ніўка, аддай маю сілку! “, завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля, услаўляючы яго:
- Гаспадар свайго гаспадарства не страціць,
- Нам за снапок заплаціць,
- Хоць чырвоныя боты для нашай ахвоты,
- Жыта на ўраджай, а гаспадару на доўгі век.
Сямейна-абрадавы цыкл прадстаўлены радзіннымі, вясельнымі песнямі, калыханкамі, пахавальнымі галашэннямі. Радзінныя песні былі магічнымі і суправаджалі нараджэнне дзіцяці. Іх асноўны змест – радасць сямейнага свята. Гэтыя песні спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою:
- А ў нядзельку, паранюсеньку
- Бабулька стаіць, дзіцяцю дзяржьць,
- I з Богам радзіцца, долю просіць
- I багавую і грашавую.
- Кум з кумою дзіця носяць,
- У Бога долі просяць:
- – Дай, Божа, гэтаму дзіцяці
- Шчаслівую долю.
- Каб расло, гадавалася,
- Шчасцем, доляю надзялялася,
- 3 хлебам-соллю зналася.
Самы багаты раздзел у традыцыйнай народнай лірыцы беларусаў – вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу. Яны адлюстроўваюць розныя перыяды шлюбу. Усе песні заклінальнага характару, прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям’і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці.
Магічны характар добра бачны ў каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям’і. У час пячэння караваю панавала ўрачыстасць, яна падтрымлівалася заклінальнымі велічальнымі матывамі:
- Благаславіце, людзі,
- Блізкія суседзі,
- Гэтаму дзіцяці
- Каравай замясіць -
- Ручкамі беленькімі,
- Перснямі залаценькімі,
- Песнямі весяленькімі.
Вылучаюцца песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асноўныя матывы – развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам.
- Ехала Галечка з двара далоў,
- Зламала ў бярозы верх далоў.
- – Расці, мая бярозка, без верха,
- Жыві, мая мамачка, без мяне.
Пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям’і мужа, жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкую долю сіраты. Аднак тысячы народных песень услаўляюць каханне, шчырасць, душэўную чысціню і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны:
- Малады наш сокал Ванечка,
- Маладая галубка Леначка.
- Маладыя, як ясныя зорачкі,
- Як кветачкі адной ветачкі.
Народныя казкі
Важнае месца ў фальклорнай спадчыне беларускага народа належыць апавядальным жанрам – казкам. Казкi па змесце могуць быць рознымі: пра фантастычных пачвар, жывёл і птушак, непераможных асілкаў, кемлівых простых людзей, хітруна-злодзея, мудрую дзяўчыну, языкатую жонку і інш.
Казкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і заўсёды былі непарыўна звязаны з рознабаковым жыццём народа, яго барацьбой з сіламі прыроды, барацьбой за роўнасць, сацыяльную справядлівасць.
Казкі з’яўляюцца важным сродкам пазнавання навакольнага свету, засвойвання працоўнага досведу многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.
Усе народныя казкі паводле спосабу адлюстравання рэчаіснасці можна падзяліць на фантастычныя і рэалістычныя. Да першых адносяцца тыя, у якіх пераважае фантастыка: казкі аб жывёлах, чарадзейныя казкі, а да другіх – казкі з рэалістычным паказам жыцця: сацыяльна-бытавыя.
Чарадзейныя казкі – казкі з тыповымі сюжэтамі, матывамі, дзе прысутнічаюць чарадзейства, незвычайныя героі, змагаюцца сілы дабра і зла, але заўсёды перамагае справядлівасць (“Тры царствы“, “Бой на Калінавым мосце“, “Дзівосныя дзеці“, “Рука-невідзімка і тры сястры“, “Меч-самасек і жaна-ведзьма “ і інш.). У іх аснове – міфічнае светаўспрыманне, адметная сістэма вобразаў, у якой звычайна супрацьпастаўлены асілкі, іх памочнікі і варожыя людзям сілы.
Чарадзейныя казкі падзяляюцца на сюжэтна-тэматычныя групы. Першая група аб’ядноўвае казкі героіка-фантастычнага зместу, прасякнутыя пафасам барацьбы з варожымі сіламі – Цмокам, Бабай Ягой. Галоўныя героі такіх казак – асілкі-змагары за праўду, справядлівасць, абаронцы.
У другую групу ўваходзяць казкі, пабудаваныя на сямейных калізіях. Важнае месца ў гэтых казках займае матыў вызвалення жонкі, сястры, брата, з дапамогай якіх героі пазбаўляюцца бедаў і помсцяць сваім ворагам. Да гэтай групы адносяцца казкі, у якіх мастацкія вобразы звязаны з містычнымі вераваннямі , а таксама казкі пра бязвінна пакрыўджаных сірот (“Няшчасны Егар”, “Іван Васільевіч – стралок”, “Сірата-Іван, дзявіца-чараўніца i пан”) .
Да трэцяй групы належаць чарадзейныя казкі, што адлюстроўваюць народныя ўяўленні аб праўдзе, крыўдзе, горы, лёсе, смерці. Яны ўзніклі тады, калі чалавек моцна залежаў ад навакольнай прыроды, розныя з’явы якой ён адухаўляў, надзяляў уласнымі перабольшанымі якасцямі. У многіх з іх паказаны малюнкі сялянскай працы, якую героі самі або з дапамогай памочнікаў робяць вельмі хутка, прыгожа і вынікова (“Пакацігарошак”, “Чортаў скарб”).
Часта ў адным творы можа быць некалькі сюжэтаў. Напрыклад, асноўны змест пра асілкаў-пераможцаў часам ускладняецца сюжэтнымі лініямі пра цудоўных памочнікаў, страшэнных пачвар.
Сацыяльна-бытавымі называюцца казкі, у якіх праўдзіва адлюстроўваюцца грамадскія і сямейныя з’явы, высмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы характару чалавека: непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасць, зайздрасць, дурнота, імкненне пажывіцца за чужы кошт.
Сацыяльна-бытавая казка працяглы час была найбольш папулярнай з усіх народных празаічных твораў.
Героі сацыяльна-бытавой казкі – простыя людзі, якія не валодаюць звышнатуральнай сілай, але здольны перамагчы сваіх ворагаў дзякуючы мудрасці, кемлівасці, дасціпнасці, знаходлівасці.
Вялікай папулярнасцю карысталіся ў народзе казкі пра спрытнага злодзея, які хітра абдурваў пана, хоць сяляне і бязлітасна высмейвалі людзей, нячыстых на руку (“Пра злодзея”, “Аб злодзею Кліну”, ”Майстар-злодзей” ).
Дурань у сацыяльна-бытавых казках – часцей за ўсё сапраўды прыдуркаваты хлопец. Ён робіць шмат бязглуздых учынкаў, якія выклікаюць вясёлы смех (“Як дурань шкуру біў”, “Аб набітым дурню, “Дурныя людзі”) .
У сацыяльна-бытавых казках жанчына паказваецца альбо мудрай, працавітай, высакароднай і высокамаральнай, альбо яна – параджэнне пекла, крыніца зла, прычына ўсіх бед, хітрая распусніца (“Хомкава жонка, “Чорт i баба, “Жонка стражніка i чорт”, “Жонка стражніка i чорт”).
Сацыяльна-бытавыя казкі адлюстроўваюць этычныя погляды народа, яго маральныя прынцыпы, яго разуменне дабра і зла, называюць усё сваімі імёнамі, без алегорый і намёкаў.
Мова бытавой казкі адлюстроўвае асаблівасці мясцовых гаворак, увабрала сакавітыя, надзвычай вобразныя, мудрыя і дасціпныя выслоўі.
Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні. Гэта творы, дзе кожны персанаж мае характар чалавека. Казкі аб жывёлах злучаюць чалавечы і жывёльны свет.
Беларускія казкі пра жывёл у большасці выпадкаў захоўвалі строгую, заснаваную на сіле, іерархію ва ўзаемаадносінах у грамадстве, падзеленым на антаганістычныя класы. Мядзведзь, напрыклад, заўсёды дужы, таму ён пануе над усім звярыным царствам, хоць ён непаваротлівы і неразумны. Яго недалёкасцю шырока карыстаюцца іншыя драпежнікі, якія крыўдзяць безабаронных звяроў. Гэтыя казкі вельмі нагадвалі слухачам жыццё, у якім дужы панаваў над слабым, багаты над бедным.
У казках аб жывёлах народ з павагай гаворыць аб сяброўстве, шчырай і бескарыснай дапамозе, імкненні да справядлівасці і рашуча асуджае няўдзячнасць, здрадніцтва таварышам, высмейвае фанабэрыю, зайздрасць, баязлівасць.
Загадкі
Загадка – кароткае вобразнае апісанне прадмета або з’явы, у аснове якога ляжыць cупастаўленне разнастайных з’яў і прадметаў рэчаіснасці пры іх падабенстве. Загадка будуецца на метафары: у паэтычнай форме апісвае ўласцівасці, паходжанне, прызначэнне ўтоенага прадмета. Пры гэтым загадка абапіраецца на цалкам рэальныя якасці або прыкметы прадмета, г. зн. утрымлівае ў сабе магчымасць адгадкі.
Характэрнай асаблівасцю загадак з’яўляецца параўнанне, якое выглядае, як увасабленне: “Бегла ліска каля лесу блізка: ані яе здагнаць, ані яе бег спазнаць” (маланка); “Пасцелена дзяруга, на дзярузе рассыпан залаты пясочак, а пасярод залаты крайчык” (зорнае неба і месяц); “Крыкнуў вол на сто гор” (гром); “Чорная карова ўсіх людзей пакалола, а белая ўстала, усіх пападымала“ (ноч і дзень); “Ляціць без крыл па сто міль” (вецер). Звычайна параўнанні бяруцца з навакольнага жыцця.
Класіфікуюцца загадкі паводле гісторыка-тэматычнага прынцыпу: прырода і чалавек (“Як я ляцеў, то зіхацеў, а як упаў, то чорны стаў” (дождж), “Насупіцца, нахмурыцца, у слёзы ўдарыцца – нічога не застанецца” (хмара і дождж), “І шуміць, і гудзе, на ўвесь свет голас ідзе” (вецер); гаспадарка і матэрыяльны свет (“Конь вялікі, зямлю арэ, а сена ў рот не бярэ” (трактар), “Што гэта за жняя ўвішная, толькі сярпом павядзе – у прыполе зерне трымае”, “Сам жне і малоціць, а лодарам хлеба не плоціць” (камбайн); грамадскі і сацыяльны побыт: “Без крылаў, а ляціць, без языка, а гаворыць” (ліст), “Крылаў не маю, а хутка лятаю, сам мяне выпусціш, ды потым не зловіш” (слова); культура (“Бела поле, чорна насенне, – хто не ўмее, той не пасее” (кніга), “У “небе” ёсць, у “зямлі” няма, у “бабе” дзве, а ў “дзеўцы” ні аднае” (літара б).
Галоўная функцыя загадкі – развіваць ў чалавека вобразнае мысленне, паэтычны погляд на рэчаіснасць.
Загадкі сустракаюцца ў вельмі даўніх казках і абрадавых песнях: “Што бяжыць без повада?“ (вада); “Што расцець без кораня?“ (камень); “Што гарыць без полымя?“ (зара); “Што бела не белячы?“ (лебедзь); “Што чорна не чэрнячы?“ (варона).
Доўгімі зімовымі вечарамі моладзь і старэйшыя людзі, сабраўшыся ў якой-небудзь хаце, спаборнічалі ў адгадванні загадак.
Загадкі – гэта люстэрка душы нашых продкаў, якое з’яўляецца адбіткам містычных вераванняў, тлумачэнняў прыродных з’яў і ўсяго таго, што адбываляся вакол іх.
Каштоўнасць традыцыйнай загадкі ў тым, што яна ў высокапаэтычнай форме адлюстравала гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, быт, працу, фаўну, флору, будову сусвету і ў нашы дні мае эстэтычнае і выхаваўчае значэнне.
Народная музыка
Народная музыка – музычна-паэтычная творчасць народа, неад’емная частка фальклору.
Музыка з’яўляецца мастацтвам, у якім сродкамі адлюстравання рэчаіснасці і ўздзеяння на чалавека служаць пэўным чынам арганізаваныя музычныя гукі, рытм, мелодыя, тэмп, гармонія.
Традыцыйная народная музыка стваралася вясковым насельніцтвам у час працы ці святаў, яна ўспрымалася як сродак магічнага ўздзеяння на людзей і прыроду.
Усю прыгажосць і самабытнасць музычнай культуры народа адлюстроўваюць народныя інструменты: цымбалы, жалейка, дудка, бубен, скрыпка, басэтля і інш.
Мова музыкі заўсёды праўдзівая, бо яна народжана эмоцыямі, пэўным станам душы. Музыка можна выразіць такія пачуцці і перажыванні, якія немагчыма перадаць словамі.
Жанры народнай музыкі разнастайныя: пастуховыя найгрышы, паляўнічыя сігналы, любоўныя мелодыі. Існуюць песенныя, інструментальныя, танцавальныя жанры музычнага мастацтва. Вывучэннем народнай музыкі займаецца музычная фалькларыстыка.