Усходняе Палессе - этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую частку Палескай нізіны ў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях. На ўсходзе мяжуе з Падняпроўем, на поўначы - з Цэнтральнай Беларуссю, на захадзе - з Заходнім Палессем.
У VIII – ІХ стст. рэгіён засялялі дрыгавічы, якія мелі сваё палітычнае аб’яднанне – “княжанне” з цэнтрам у Тураве. У перыяд феадальнай раздробленасці (ХІІ – ХІІІ стст.) асноўная частка Усходняга Палесся ўваходзіла ў склад Тураўскага княства. У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай рэгіён уваходзіў у склад Мінскага, Наваградскага і Брэсцкага ваяводстваў.
Ва Усходнім Палессі шырокія веснавыя разлівы рэк, вялікія плошчы забалочаных зямель і няўдобіц накладвалі адбітак на характар рассялення, на сродкі зносін, мясцовую гаспадарку і паўсядзённы побыт. Раздробленыя кавалкі ворных зямель былі раскіданы ўдалечыні ад вёсак асобнымі астраўкамі сярод балот і лясоў, што стварала шмат нязручнасцей пры іх апрацоўцы і зборы ўраджаю. На сваіх чаўнах сяляне перапраўляліся з аднаго вострава на другі, ставілі буданы-курані, што служылі ім часовым жыллём, і паслядоўна апрацоўвалі адзін участак за другім. Такім жа спосабам збіралі ўраджай з палёў, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокіх памостах-адонках.
Мясцовыя сяляне трымалі шмат свойскай жывёлы, больш заможныя – па некалькі дзясяткаў галоў на двор. У структуры жывёлагадоўлі пераважалі каровы і свінні. Гаспадарча-пабытовы ўклад характарызаваўся самабытна-патрыярхальнымі рысамі і ўяўляў універсальную сялянскую гаспадарку, у якой гарманічна спалучаліся земляробства, жывёлагадоўля, разнастайныя промыслы (рыбалоўства, пчалярства) і хатнія рамёствы.
У рацыёне ежы больш значнае месца, чым у суседніх рэгіёнах, займалі рыбныя і мясныя прадукты, дары лесу.
Сельскія пасяленні былі нераўнамерна размеркаваны па тэрыторыі краю. Найбольшая шчыльнасць пасяленняў прыпадала на ўзвышшы, дзе пераважалі шматдворныя вёскі. Вулічная паласа ў прыбярэжных нізінных паселішчах уяўляла сабой сыпучы пясчаны грунт або штучную грэблю, ад якой да двароў вялі такія ж гаці і масткі. Праз балоцістыя, затопленыя ўвесну ўчасткі ўладкоўваліся пераходы на палях і кладкі. Побач з шматдворнымі сустракаліся невялікія вёскі ў 5 – 10 сядзіб, выселкі, засценкі і хутары.
На Палессі значныя плошчы сельгаспадарчых угодзяў займалі сенажаці. Час касавіцы супадаў з летнім спадам вады ў рэках і ручаінах, калі на шырокіх імшарах, затопленых раней вясновым разводдзем, зелянела густое покрыва лугавых траў. У летні час жыццё вёсак заціхала, усё працаздольнае насельніцтва разам з дзецьмі перасялялася на суседнія астравы, працавала на палях, сенажацях або рыбачыла, нарыхтоўвала лясныя дары. Палешукі не замыкалі сваіх хат, нават калі ўсе члены сям’і працавалі далёка ў полі; яны пакідалі на ноч без нагляду вазы і земляробчыя прылады ў полі, чаўны, рыбалоўныя снасці і інш.
У керамічнай вытворчасці вядома некалькі цэнтраў (Парычы, Юравчы, Лоеў), што спецыялізаваліся па вырабу задымленага і паліванага посуду. На значнай частцы Усходняга Палесся бытаваў і белагліняны посуд, які прывозілі ганчары з Гарадной, буйнейшага цэнтра керамічнай вытворчасці ва ўсім Палессі.
Народнае адзенне Усходняга Палесся, вызначалася шырокім дыяпазонам стылявых і дэкаратыўных асаблівасцяў. Асаблівай мастацка-дэкаратыўнай адметнасцю вылучаліся такія строі, як калінкавіцкі, брагінскі, турава-мазырскі і інш.
Асабліва развітай у рэгіёне з’яўляецца веснавая абрадавасць, асноўнае свята – гуканне вясны, у час якога выконваліся веснавыя заклікальныя, юраўскія, русальныя песні. Да ХХ ст. захаваўся і надзвычай архаічны веснавы рытуал “пахаванне стралы”, які бярэ свае карані ад язычніцкага культу Бога Грымотніка-Перуна і з’яўляецца выключнай адметнасцю Усходняга Палесся.
Асаблівасці традыцыйных форм культуры дазваляюць аднесці Усходняе Палессе да аднаго з найбольш самабытных гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.