MO

Этнаграфічныя рэгіёны. Модуль 2

Усходні этнаграфічны рэгіён Беларусі – ПадняпроўеПазнаёмцеся з матэрыялам “Этнаграфічны рэгіён Беларусі – Падняпроўе”.
5/12

Падняпроўе – этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, частку Віцебскай і Гомельскай абласцей, а таксама невялікую тэрыторыю Мінскай вобласці. На поўначы па водападзеле Дняпра і Заходняй Дзвіны мяжуе з Паазер'ем, на захадзе па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра – з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем, на поўдні – з Украінай, на ўсходзе – з Расіяй.

Неаднароднасць культурных ландшафтаў дазваляе вылучыць у Падняпроўі некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) – левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён – з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясцовых этнакультурных прыкмет.

Гаспадарча-бытавы ўклад насельніцтва Падняпроўя вызначаўся больш прыкметнай, чым на поўначы, роляй земляробства, што знаходзіла сваё адлюстраванне ў бытаванні мясцовых варыянтаў сельскагаспадарчых прылад (мялак, сох, драўляных барон, жалезных плугоў). Сярод збожжавых раслін першае месца займала жыта, затым - авёс, які шырока выкарыстоўваўся як фуражная культура ў конегадоўлі. 3 тэхнічных культур, апрача льну, важнае значэнне ў гаспадарцы мела вырошчванне канапель. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі пчалярства, лясныя і лесахімічныя промыслы - здабыванне смалы, выпальванне паташу і драўлянага вугалю, вытворчасць дзёгцю і шкіпінару. Частка насельніцтва адпраўлялася ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі, дзе словы «буднік» і «беларусец» ужываліся як сінонімы.

Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на захад, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе узнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы досвед і этнакультурныя традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясцовых умоў; ставілі дабротныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу.

Паселішчы Падняпроўскага рэгіёна адрозніваліся большымі памерамі ў параўнанні з суседнім Падзвіннем. Найбольш густа заселенай і аграрна развітай была левабярэжная частка Падняпроўя – Аршанска-Магілёўская раўніна. Паселішчы вызначаліся выразнай вулічнай структурай з наяўнасцю больш старажытнай цэнтральнай часткі, часам з завулкамі і размешчанымі паблізу, наводшыбе («на тым баку»), асобнымі дварамі. Найболыш тыповая забудова двара - замкнутая (вяночная). Замкнуты двор часцей бытаваў у заможнага сялянства. Часам ён падзяляўся пасярэдзіне папярэчнай страхой-павеццю, утвараючы паўкрытую дваровую прастору. 3 аднаго боку ад павеці (бліжэй да жылля) быў так званы чысты, а з другога - гаспадарчы двары. Двор меў, апрача цэнтральнай брамы, бакавы ўезд, што вёў пад павець. Свіран («амбар», «інбар») для зерня ставілі насупраць хаты. Хлявы прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара.

Двары Падняпроўя – цікавыя помнікі народнай архітэктуры, у якіх жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца вакол прасторы адкрытага ўнутранага двара. Характэрная асаблівасць Падняпроўя – дамініраванне жылога дома ў кампазіцыі сялянскай забудовы.

Народнае адзенне Падняпроўя ўвабрала ў сябе старажытныя формы і спосабы ўпрыгожвання, уласцівыя традыцыйным касцюмам славянскіх народаў, маючы разам з тым і ўплыў усходніх і еўрапейскіх строяў. Самабытным узорна-дэкаратыўным стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўднёвых раёнаў Падняпроўя (няглюбскі строй). Адзенне было неабходным атрыбутам шматлікіх абрадаў і звычаяў – каляндарна-абрадавых і сямейных. Традыцыйным верхнім адзеннем былі злёгку прыталеныя кажухі, шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (павязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), укарочаныя паўсвітка і кажушкі. Выхадныя світы атарочваліся па каўняры, ворату, абшлагу рукавоў каляровымі, пераважна сінімі (радзей чырвонымі, зялёнымі) шнуркамі; кажухі былі апушаны шэрсцю па краях і ворату.

Мастацкая кераміка адрозніваецца тэхналагічнымі і мастацкімі асаблівасцямі. Падняпроўскія майстры рабілі посуд пераважна з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі і аздаблялі па гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Посуд выпальвалі ў круглых горнах. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Такім чынам, беларускае Падняпроўе, як гістарычна-этнаграфічны рэгіён, мае свой непаўторны этнакультурны каларыт.