Рэгіён
Рэгіён [лац. regio — вобласць.] - пэўная тэрытарыяльная адзінка (раён, вобласць), якая адрозніваецца ад іншых спецыфічнымі рысамі, частка этнічнай тэрыторыі, што вылучаецца паводле комплексу этнакультурных прыкмет: асаблівасцей этнічнай гісторыі, характару рассялення, гаспадарчых заняткаў, прылад працы, народнай архітэктуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйнага адзення, фальклору, мясцовых гаворак, звычаяў, абрадаў і інш.
Існуе некалькі тлумачэнняў паняцця "рэгіён". Паводле геаграфічнай трактоўкі рэгіён - гэта вялікая частка сушы са спецыяльнымі фізіка-геаграфічнымі параметрамі.
Эканамічная трактоўка мае на ўвазе пад рэгіёнам частку тэрыторыі, складаны тэрытарыяльна-эканамічны комплекс са сваёй структурай сувязі з вонкавым і ўнутраным асяроддзем.
Сацыяльна-палітычная трактоўка рэгіёна паказвае рэгіён у якасці сацыяльна-тэрытарыяльнай супольнасці, гэта значыць, сукупнасці сацыяльных, эканамічных, палітычных фактараў развіцця тэрыторыі. Сюды ўваходзіць характарыстака этнічнага складу насельніцтва, працоўных рэсурсаў, палітычных аспектаў развіцця рэгіёна, культурных фактараў і г. д.
Этнаграфічныя рэгіёны Беларусі

На тэрыторыі Беларусi шэсць этнаграфічных рэгіёнаў: Паўночны (Паазер'е), Усходні (Падняпроўе), Цэнтральны (Цэнтральная Беларусь), Паўночна-Заходні (Панямонне), Усходняе Палессе і Заходняе Палессе. Унутры кожнага з іх, у сваю чаргу, паводле мясцовых асаблівасцей народнай культуры і побыту вылучаюць больш дробныя адзінкі - лакальныя раёны, або падраёны: у Паўночным - паўночна-ўсходнюю і паўднёва-заходнюю часткі, ва Усходнім - левабярэжнае, правабярэжнае Падняпроўе і Пасожжа, у Цэнтральным - Бярэзінскі, Слуцка-Нясвіжскі і Мінскі раёны, у Паўночна-Заходнім - левабярэжнае і правабярэжнае Панямонне, ва Усходнім Палессі - Мазыршчына, Тураўшчына, Прыпяцкі раён, у Заходнім Палессі - Пінскае Палессе, Загароддзе і Падляшша. Рэгіёны лакалізуюцца ў масівах з блізкімі гістарычнымі і экалагічнымі ўмовамі, пераважна ў басейнах вялікіх рачных сістэм (рэкі служылі сродкамі зносін і вызначалі напрамкі культурна-эканамічных сувязей, а таксама стваралі спрыяльныя ўмовы для жыхарства і гаспадарчай дзейнасці). Сацыяльна-эканамічныя і этнічныя працэсы, што мелі асаблівасці ў розных рэгіёнах Беларусі, з цягам часу накладвалі адбітак на сістэмы земляробства, гаспадарчы побыт, звычкі, мясцовую самасвядомасць, што надавала пэўнаму рэгіёну спецыфічныя рысы. На працягу стагоддзяў межы этнаграфічных рэгіёнаў змяняліся, аднак гэта не парушала пераемнасці гістарычных традыцый, якія выконвалі жыццёва важную камунікатыўную ролю, замяняючы пісьмовую культуру.
Этнаграфічныя рэгіёны адлюстроўваюць багацце і разнастайнасць беларускай народнай культуры, яе творчыя магчымасці і самабытны характар.
Рэгіёны размяшчаліся ў басейнах вялікіх рэк. Па меры засялення складваліся вытворчыя і абрадавыя традыцыі, фарміраваўся тып культуры.
Кожны з дадзеных рэгіёнаў мае свае асаблівасці ў кліматычна-геаграфічных умовах, характары заняткаў, тыпах паселішчаў і жылля, сістэме харчавання, лакальных тыпах адзення, відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.