MO

Этнаграфічныя рэгіёны. Модуль 2

Паўночна-заходні рэгіён - ПанямоннеПазнаёмцеся з матэрыялам “Паўночна-заходні рэгіён (Панямонне)”, з яго асаблівасцямі.
7/12

Панямонне - этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэрыторыю Гродзенскай і сумежных частак Брэсцкай і Мінскай абласцей. На поўдні мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях рэк Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на ўсходзе і паўночным усходзе з цэнтральнай Беларуссю і Паазер'ем (на захад ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы да гарадоў Маладзечна, Мядзел, Паставы).

Панямонне займае верхні басейн Нёмана і яго прытокаў. У Сярэднявеччы рэгіён быў вядомы пад назвай “Літва”, побач з якой ужывалася і назва “Чорная Русь”.

У 13 стагоддзі рэгіён апынуўся ў цэнтры важных падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў Наваградак, дзе ў 1253 годзе каранаваўся вялікі князь Міндоўг.

Агульны лёс беларускага і літоўскага народаў у складзе адзінай дзяржавы абумоўліваў узаемны культурны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасацыяльных, грамадска-прававых і эканамічных адносін. Мясцовыя гаворкі Панямоння вылучаюцца ў асобную гродзенска-баранавіцкую групу беларускай мовы; у павілейскай частцы дамінуе сярэднебеларускі дыялект.

У ландшафтах Панямоння ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі русламі Нёмана і яго прытокаў. Глебы, што развіваліся на лёсападобных суглінках давалі высокія ўраджаі. Асноўнае месца сярод пасеваў займалі жыта (каля паловы плошчаў), авёс, пшаніца, грэчка. У другой палове ХІХ ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што стымулявала развіццё жвёлагадоўлі. Палі апрацоўвалі з дапамогай так званай “літоўскай” (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясцовых умоў і ўяўляла даволі лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі.

Рост мануфактурнай вытворчасці ў рэгіёне садзейнічаў развіццю гандлёвых адносін і рыхтаваў базу для прамысловага перавароту. У сярэдзіне ХІХ ст. па развіццю прамысловасці Гродзенская губерня займала першае месца ў Беларусі і давала прамысловай прадукцыі больш, чым усе астатнія беларускія губерні разам узятыя.

Большасць сельскіх паселішчаў Панямоння ўяўляла сабой вёскі вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандлёвых трактаў, паблізу рэк і азёр. Прадстаўнікі свабодных саслоўяў (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках.

Назвы гэтых паселішчаў, як правіла, супадалі з прозвішчамі іх жыхароў. Найбольш тыповай для сялянскіх сядзіб была пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні для сена ставіліся на некаторай адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць хаты, па другі бок вуліцы. Там жа нярэдка будаваліся і двухпавярховыя лямусы (гаспадарчыя пабудовы для захавання харчовых прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку). Тыповая планіровачная структура традыцыйнага жылля – хата з сенцамі і каморай.

Насельніцтва склалася на славянскай аснове з удзелам асіміляваных ліцвінаў, яцвягаў, прусаў, татараў.

Складаны этнасацыяльны склад насельніцтва і актыўныя міжэтнічныя кантакты абумовілі спецыфіку мясцовага адзення.

Традыцыйны строй Панямоння мае шмат агульнага з цэнтральнабеларускім. Назіраецца схільнасць да зялёнага і валошкавага колераў. Касцюм гэтага рэгіёна рана зазнаў уплыў гарадской моды, што адбілася ў спецыфіцы верхняй вопраткі.

Тыповая верхняя вопратка – бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа, зшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзяржаўныя сяляне насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна з адкладным каўняром. Капот шылі ў талію, ён меў у ніжняй частцы фалды, зашпільваўся на металічныя гузікі, традыцыйны пояс не выкарыстоўваўся. Жанчыны насілі катанку, якая адрознівалася ад капота тым, што была карацейшай, зашпільвалася на гаплікі і мела адну бакавую кішэню. З іншых тыпаў верхняга адзення ў шырокім ужытку быў кажух, спанцэрка (куртка), жаночы каптанік (кафтан), мужчынская камізэлька (безрукаўка). Адметнасцю жаночага строю з’яўляўся сурдут (капот) з цёмна-гранатавага сукна з аксамітавым каўняром і фалдамі, рознакаляровая спадніца і фартух.

У левабярэжнай частцы Панямоння адзенне жыхароў у большай ступені захоўвала традыцыйныя рысы. Тут часцей сустракаліся жаночыя наміткі і мужчынскія звычайныя світы – сярмягі альбо буркі. Мужчыны ўзімку насілі шапкі-аблавухі з аўчыны, а ўлетку часта саламяныя капелюшы, якія плялі самі. Будзёны абутак – лыкавыя лапці, падшытыя грубай скурай (“сабакамі”), хадакі (пасталы), часам чаравікі на тоўстай драўлянай падэшве ці цалкам выразаныя з дрэва (дзеравянікі).

У вытворчасці керамічнага посуду і яго дэкаратыўна-засцерагальнай апрацоўцы працэс задымлівання часта спалучаўся з глянцаваннем. Мастацкай выразнасцю вылучалася мясцовая чорнаглянцавая кераміка, для якой быў уласцівы старажытны арнамент у выглядзе рамбічнай сеткі, палосак, елачак і інш. Узор наносілі па падсохшай паверхні вырабаў кавалкам крэменю – “лашчыкам”, пасля чаго посуд абпальвалі ў закрытых печах без доступу кіслароду. У выніку тэрмахімічнай апрацоўкі посуд набываў цёмна-матавы колер, на фоне якога праступаў бліскучы ўзорны арнамент.

Багаццем мастацкіх сродкаў і арыгінальным майстэрствам вызначаліся панёманскія ўзорныя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы.