
Назва рэгіёна сведчыць пра тое, што ён знаходзіцца ў сярэдняй частцы Беларусі. Цэнтральная Беларусь займае большую частку Мінскай і заходнюю ўскраіну Магілёўскай вобласці. На поўначы мяжуе з Паазер’ем, на ўсходзе - з Падняпроўем, на поўдні - з Усходнім Палессем, на захадзе - з Панямоннем.
Паводле этнаграфічнай самабытнасці ў межах рэгіёна можна вылучыць тры лакальныя варыянты – паўночны (Мінскі), паўднёвы (Слуцка-Нясвіжскі) і ўсходні (Бярэзінскі), якія ў культурным плане маюць шмат падабенства з суседнімі рэгіёнамі Беларусі.
Насельніцтва Цэнтральнай Беларусі - нашчадкі ўсходніх балтаў, дрыгавічоў, крывічоў з удзелам асобных груп палякаў, рускіх, габрэяў, татараў і інш. У ХІ ст. паўночная частка рэгіёна ўваходзіла ў склад Полацкага княства, у пачатку ХІІ ст. вылучылася ў самастойнае Менскае княства. Гістарычны лёс паўднёвай часткі рэгіёна ў старажытнасці быў больш цесна звязаны з Тураўскім княствам, у якім вылучаліся Слуцкі і Клецкі ўдзелы. Мясцовыя князі Алелькавічы і Радзівілы з’яўляліся буйнейшымі землеўладальнікамі дзяржавы, мелі сваё войска і аўтаномны апарат кіраўніцтва.
Паселішчы Цэнтральнай Беларусі маюць вулічную (лінейную) забудову: аднарадную альбо двухрадную.
Характар сельскіх пасяленняў Цэнтральнай Беларусі прыкметна мяняецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і поўдзень ад невялікіх вёсак, рассеяных сярод лясоў, да буйных шматдворных сёл, размешчаных на адкрытай мясцовасці. У Цэнтральнай Беларусі вядомы амаль усе тыпы сядзібнай забудовы, што сустракаліся ў іншых рэгіёнах краіны. Найбольш тыповым быў пагонны двор. Пасяленні вызначаліся выразнай планіроўкай, нярэдка мелі браму ў канцы вуліцы, якая нанач зачынялася. Вясковае жыллё і хлявы звычайна будавалі на адным баку вуліцы, а гумны, свірны, адрыны - на другім. Традыцыйнае сялянскае жыллё — хата з сенцамі.
Земляробства ў гэтым краі насіла экстэнсіўны характар і нават у другой палове ХІХ ст. тут поруч з трохполлем часта сустракаліся лясная аблога і ляда, было больш развіта на Слуцка-Нясвіжскай лёсавай раўніне, дзе ўрадлівыя глебы і больш інтэнсіўная агратэхніка давалі магчымасць вырошчваць высокія ўраджаі збожжавых – жыта, пшаніцы, аўса. У Бярэзінскім басейне шырока распаўсюдзіліся лясныя промыслы.
У жывёлагадоўлі больш прыкметную ролю ў параўнанні з паўднёвым захадам адыгрывала гадоўля коней.
Народнае адзенне Цэнтральнай Беларусі да канца ХІХ ст. захоўвала шэраг традыцыйных рыс. Асноўная верхняя вопратка – світа з адкладным, радзей стаячым каўняром, крыху звужаная ў таліі, шылася з шэрага ці чорнага сукна, па баках, ворату, адвароту рукавоў упрыгожвалася каляровымі (блакітнымі, сінімі) шнуркамі. Для жаночага комплексу найбольш тыповымі былі вышываная кашуля, андарак (або ільняная спадніца), фартух, камізэлька; галаўны ўбор - каптур, хустка, у замужніх жанчын – намітка. Асаблівай разнастайнасцю і багаццем узораў вылучаліся капыльскі і пухавіцкі строй.
Мясцовая кераміка па сваёй тэхналогіі і мастацкіх якасцях вызначалася разнастайнасцю і спалучала ў сабе рысы, уласцівыя суседнім рэгіёнам. У ХІХ – пачатку ХХ ст. найбольш распаўсюджаным быў задымлены і паліваны посуд; у сельскіх цэнтрах (Сіняўка, Забалотнікі, Ганевічы і інш.) выраблялі пераважна абварную кераміку. Вырабы распісваліся сціплым узорам у выглядзе хвойных галінак, паяскоў, хвалістых ліній (івянецкая і ракаўская кераміка).
Этнакультурны комплекс Цэнтральнай Беларусі ўвабраў у сябе шматлікія рысы, уласцівыя іншым рэгіёнам.