MO

Каляндарныя святы і абрады беларусаў. Модуль 2

Каляндарныя святы і абрады беларусаўПазнаёмцеся з матэрыялам пра каляндарныя святы і абрады беларусаў.
1/10

Святы – сукупнасць звычаяў і абрадаў. Узніклі ў першабытным (родавым) грамадстве. Былі звязаны з земляробчым каляндарным цыклам.

Каляндарныя святы беларусаў выразна падпарадкаваны гадавому руху Зямлі вакол Сонца, якое абуджае прыроду ўвесну і замарожвае яе надоўга восенню, каб адрадзіць да новага жыцця наступнай вясной.

Беларускія святы – каларытныя, поўныя загадак, містыкі і народнай мудрасці. Нашы продкі лічылі, што, толькі добра адпачыўшы, можна набрацца сіл і плённа працаваць. У час святаў спявалі каляндарныя і сямейныя песні, танцавалі.

Святы падзяляліся на вялікія, ці інакш – гадавыя, і малыя. Асаблівае значэнне надавалася пярэдадню свята (у народным усведамленні святочны дзень пачынаецца з моманту захаду сонца).

Важным у народным календары з’яўляўся і другі святочны дзень, шанаванне якога прадухіляла стыхійныя бедствы: град, засуху, навальніцу і інш. У сувязі з тым, што ў народзе фактычна не ўжываліся назвы месяцаў і каляндарныя лічбы амаль да пачатку ХХ стагоддзя, у сялянскім побыце захоўваўся характэрны для народнага календара адлік часу. Пачаткам яго адліку стаў дзень нараджэння Хрыста.

Каляндарныя святы звязаны з рытуаламі, якія заўсёды дакладна выконваліся. Вялікае значэнне надавалася прыкметам, і практычна ўсё, што адбывалася напярэдадні, падчас і адразу пасля свята, мела вялікае значэнне.

Увесь год нашы продкі жылі клопатамі аб зямлі і ўраджаі. Склалася цэлая сістэма святаў і абрадаў, што замацаваліся ў быце і зрабіліся пэўнымі арыенцірамі пры выкананні сельскагаспадарчых прац і падчас адпачынку.

Каляндарныя народныя святы лепш за ўсё адлюстроўваюць самабытнасць народа, яго шматгадовую гісторыю, духоўную культуру, паказвюць стан душы чалавека ў тую ці іншую пару года. І самае галоўнае, што адрознівае сапраўднае свята, – на ім няма гледачоў, а толькі ўдзельнікі, якія працуюць і святкуюць, “каб прыгожыя думкі мець…”.

Абрады – сукупнасць традыцыйных дзеянняў, якія сістэматычна паўтараюцца і сімвалічна выражаюць і замацоўваюць паводзіны людзей, іх адносіны да прыроды і паміж сабой.

Абрады каляндарнага цыкла багатыя самымі разнастайнымі рытуаламі, адлюстроўваюць асаблівасці светапогляду і рэлігійных вераванняў народа, з’яўляюцца часткай традыцыйна-бытавой культуры народа. Утрымліваюць у сабе элементы музычнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яны зарадзіліся ў глыбокай старажытнасці, калі людзі імкнуліся заклінаннямі ўздзейнічаць на незразумелыя з'явы прыроды.

Абрады былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, грамадскімі адносінамі і падзяляліся на каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёлагадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзінныя, пахавальныя) і царкоўныя.

Земляробчыя абрады падзяляюцца на зімовыя – звязаныя са святкаваннем Каляд, Масленіцы, Грамніц; вясновыя – з гуканнем вясны, Вялікаднём, Юр’ем; летнія – са святкаваннем Купалля, Жніва; восеньскія – з адзначэннем Багача, Пакроваў, Дзядоў.

Большасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходне-славянскай глебе. Старажытная абраднасць ляжыць у аснове калядавання, Масленіцы, шчадравання, абрадаў Купальскай ночы. Абрады Дзядоў, Радаўніцы звязаны з культам продкаў.

Асаблівасць беларускіх абрадаў – перапляценне ў іх гаспадарчых, паганскіх і хрысціянскіх элементаў. Хрысціянства аказвала вялікае ўздзеянне на каляндарныя абрады. У абрадавыя заклінанні, песні ўвайшлі імёны Хрыста, Багародзіцы, іншых святых. Адбылося складанае перапляценне дахрысціянскіх і хрысціянскіх элементаў.

Да сённяшніх дзён абрады не страцілі сваёй мэтавай накіраванасці і прызначэння ў народным жыцці, здолелі захаваць у сабе адну з найцікавейшых старонак народнага побыту, нашай нацыянальнай культурнай спадчыны.