MO

Сямейныя абрады. Модуль 2

Беларуская традыцыйная радзінная абраднасцьПазнаёмцеся з комплексам традыцыйных беларускіх радзінных звычаяў і абрадаў.
4/10

Да спецыфічных з'яў беларускага фальклору адносіцца радзінная абраднасць. Сістэма радзіннай абраднасці фарміравалася на працягу шматлікіх стагоддзяў, таму ў ёй можна сустрэць і універсальныя магічныя ўяўленні, і водгаласы агульначалавечай стадыі асэнсавання працэсаў зараджэння і канца жыцця, і сведчанні разумення нашымі продкамі цеснай сувязі паміж зямным жыццём і космасам, і рэлікты вераванняў у татэма-бусла. Добра захаваліся ў ёй культы продкаў, агню, вады, расліннасці.

Комплекс традыцыйных радзінных звычаяў і абрадаў складаецца з трох цесна звязаных цыклаў: дародавага, родавага і пасляродавага. Першыя два ўключаюць уяўленні, павер’і і абрадавыя дзеянні, накіраваныя на захаванне цяжарнасці і паспяховае завяршэнне родаў, апошні – звычаі і абрады, якія сімвалізавалі ідэю прыняцця нованароджанага ў сям’ю і грамаду.

Шмат забабонаў і забаронаў, прыкмет і абмежаванняў было звязана перш за ўсё з паводзінамі цяжарнай жанчыны. Ёй нельга было, напрыклад, займацца ніякай справай (акрамя прыгатавання ежы і прыбірання хаты) у час Каляд і ў іншыя святочныя дні (у нядзелю, на Св. Духа, Тройцу, Вялікдзень, тыдзень пасля Вялікадня). Лічылася, што калі ў такі недазволены час жанчына, напрыклад, прышывае гузікі да кашулі і нехта гэта ўбачыць, то дзіця абавязкова народзіцца з гузікам (барадаўкай) на твары або на вуху. Калі ж жанчына на свята прасуе кашулю (і гэта нехта пабачыць), то ў дзіцяці будзе ўвесь бок чырвоны. Некаторыя з такіх забабонаў былі заснаваны на жыццёвым вопыце і мелі практычны характар. Напрыклад, цяжарная жанчына павінна была пазбягаць спалохаў і не трымаць доўга рукі ўзнятымі ўверх, інакш яна магла страціць дзіця. Будучай маці нельга было глядзець на нябожчыка, нават калі паміраў хто-небудзь з самых блізкіх людзей, бо нованароджаны будзе хворы і бледны. Калі ў вёсцы здараўся пажар, цяжарныя жанчыны хаваліся ў сваіх хатах, каб не спалохацца і раптам не схапіцца рукамі за твар або за іншую частку цела, таму што тады дзіця можа нарадзіцца з чырвонай плямай на гэтым самым месцы. Цяжарная жанчына не павінна была доўга глядзецца ў люстэрка або ў ваду, інакш дзіця магло нарадзіцца касавокім ці з бяльмом на вачах. Нельга было красці, карыстацца чужымі рэчамі, бо тады дзіця будзе злодзеем. Асабліва нельга было апранацца ў чужы строй, бо дзіця можа памерці ненароджаным. Нельга было наступаць на хамут, дугу, аглоблі (і на іншыя падобныя рэчы), каб дзіця не нарадзілася гарбуном. Нельга было пераступаць праз карамысла, а то ў час родаў будзе звадзіць сударагай ногі. Нельга было пляваць на падлогу, бо ў дзіцяці будзе з рота непрыемны пах. Нельга было насіць адзежу з вузельчыкамі, з завязанымі паясамі, з тасёмкамі, каб не наклікаць цяжкія роды. Калі на даху дома, дзе жыла цяжарная жанчына, крычаў філін або доўга ці моцна кукавала зязюля (гэта азначала хуткую смерць кагосьці з гэтай сям'і), тады цяжарную адпраўлялі пажыць да каго-небудзь з блізкіх сваякоў у іншую хату. У апошнія месяцы перад родамі лепш было не карыстацца калаўротам, бо ён лічыўся прыналежнасцю калдуноў і ведзьмаў. Лічылі, што калі цяжарная жанчына варыла кашу (а ў гэты час у хаце знаходзіўся нейкі чужы чалавек) і каша "выбягала" з гаршка, або калі з печкі выпадала цэгла, то ў гэтай жанчыны мог здарыцца выкідыш. Цяжарнай жанчыне наогул было лепш нічога не рабіць пры людзях. Але калі ўсё ж такі трэба было працаваць не адной, тады цяжарная павінна была пакласці ў абутак хмель, каб адвесці ад сябе сурокі.

Клопаты і непакой будучай маці, а таксама бліжэйшых яе сваякоў узрасталі і дасягалі найбольшага напружання ў момант наступлення родаў. Трэба было засцерагчы парадзіху ад чужых вачэй, каб пазбегнуць сурокаў і злоснага чаравання. Людзі верылі, што чым менш людзей будзе ведаць пра наступленне родаў, тым менш пакут будзе цярпець парадзіха. Лічылі, што лепш за ўсё, каб пра роды не ведаў ніхто, акрамя мужа і запрошанай ім бабкі-павітухі. Часцей за ўсё раней жанчына раджала ў лазні ("дзіцячае месца" пасля таксама закопвалі ў лазні пад падлогай). Каб дапамагчы ёй, бабка акрамя сапраўднай лекарскай дапамогі прымяняла і пэўныя магічныя сродкі. Апранутая ў белы строй, бабка з пэўным прыгаворам (напрыклад, Сахрані, Гасподзь, абарані, дай лёгенька радзіць...) расплятала касу, развязвала пацеркі, здымала завушніцы (але шлюбны пярсцёнак пакідала ў жанчыны на руцэ), развязвала кашулю, пояс і інш. Муж парадзіхі павінен быў адчыніць усе дзверы, паадмыкаць замкі, нават расшпіліць свой каўнер і кашулю, зняць свой пояс. Усё гэта павінна было садзейнічаць хуткім і лёгкім родам. Пры асабліва цяжкіх родах прасілі святара, каб ён адчыніў галоўныя вароты ў царкве. У далёкай старажытнасці існаваў такі звычай. Муж клаўся на лаўку каля парадзіхі (яго бабка нават прывязвала вяроўкай), самой парадзісе забаранялася крычаць і стагнаць, за яе крычаў і стагнаў муж. Лічылася, што такім чынам ён забірае на сябе ўсе жончыны пакуты. Пазней гэты звычай знік. Муж проста пачаў адыходзіць далёка ад хаты, каб нічога не ведаць пра пакуты жонкі і не чуць яе крыкаў і стогнаў. Гэтым ён нібы таксама дапамагаў ёй у пакутах. Але галоўную ролю пры парадзісе заўсёды выконвала менавіта бабка-павітуха – разумная, кемлівая, з вялікім жыццёвым вопытам жанчына, якая ведала і розныя практычныя прыёмы народнай медыцыны, і знахарскую магію. Бабка не толькі прымала дзіця, але і дапамагала парадзісе адразу ж пасля родаў. Бабка павінна была ведаць, як спыніць крывацёк, адвесці ліхаманку ("пасляродавую гарачку").

У пасляродавы перыяд асноўнае месца зноў займалі абрадавыя дзеянні, якія павінны былі абараніць народжанае дзіця і маці ад сурокаў, нячыстай сілы і хвароб. Салому, на якой ляжала парадзіха, і бялізну, на якой заставалася кроў, абавязкова спальвалі. Абарону дзіцяці і маці павінны былі забяспечыць ачышчальныя рытуалы, сярод якіх важнейшую ролю адыгрывала абмыванне вадой як асноўны рытуал ахоўнага прызначэння. Нованароджанага адразу ж купалі, але не ў лазні, а ў хаце. 3 лазні ў хату яго несла бабка загорнутым у бацькавую старую кашулю (калі гэта быў хлопчык) або ў матчыну ніжнюю спадніцу (калі гэта была дзяўчынка). У час купання бацька дзіцяці кідаў у начоўкі срэбраныя грошы, каб дзіця было багатым. Ваду бралі з хатняга калодзежа (не з ракі і не дажджавую); вада павінна была быць празрыстай, каб дзіця было здаровым і каб у яго былі ясныя вочы. Раней нельга было рыхтаваць рэчы для нованароджанага загадзя. Калыску перадавалі бацькам бабуля і дзядуля нованароджанага пасля з'яўлення яго на свет. Пялёнкі, кашулькі дарылі ўжо на радзіны або на "адведкі", а спачатку дзіця загортвалі проста ў новае белае палатно і белую пасцілку. Пасля купання бабка перадавала дзіця на рукі бацькі (калі гэта быў сын), а ён аддаваў яго ў сваю чаргу маці, каб тая яго пакарміла. Дачку бабка адразу аддавала на рукі маці. Нованароджанага нельга было цалаваць у вусны, каб ён не быў нямы. 3 нованароджаным былі таксама звязаны і многія іншыя прыкметы. Напрыклад, верылі, што калі перад родамі жонкі ў мужа свярбяць вушы, тады ў яго народзіцца сын. Лічылася, што той, хто нарадзіўся ў новы месяц, будзе вельмі доўга жыць. Верылі, што калі нованароджанаму хлопчыку пакласці ў рот печаны яблык, тады ён будзе "падкі да гарэлкі". Верылі таксама, што шчаслівай будзе дачка, калі яна падобна да бацькі, і сын, калі ён падобны да маці. Лічылі, што маленькаму дзіцяці нельга падносіць люстэрка, інакш яно будзе палахлівым і доўга не будзе гаварыць. Пупавіну, якая адвалілася ў нованароджанага, маці павінна была захоўваць да той пары, пакуль дзіця не пачне хадзіць. Яно павінна развязаць пупавіну і тады будзе вельмі разумным. Пасля маці закідвала пупавіну ў гумно або на двор заможнага гаспадара, каб дзіця было багатым. З верай у прыроджаную долю чалавека непасрэдна звязана вера ў шчаслівыя і нешчаслівыя дні, якія нібыта вызначалі долю дзіцяці. Па таму, калі нарадзілася дзіця, у які дзень, у які месяц, пару года або нават у які час сутак і г.д., меркавалі пра яго будучыню.

Амаль паўсюдна ў беларускіх вёсках нараджэнне дзіцяці адзначалася ўрачыста, з выкананнем традыцыйных абрадаў, многія з якіх у розных рэгіёнах і мясцовасцях былі неаднолькавымі і зусім не мелі аналагаў у іншых славянскіх народаў.

Правядзенне хрэсьбін – цэнтральны момант той часткі комплексу радзіннай абраднасці, якая сімвалізавала ідэю прыняцця нованароджанага ў сям’ю і грамадства.

Перш за ўсё бацькі падбіралі для нованароджанага хросных бацьку і маці з родных або паважаных у вёсцы ці ў горадзе людзей. Гэтаму выбару надавалася вялікае значэнне, паколькі пасля здзяйснення абраду хрышчэння хросныя бацькі павінны былі выконваць пэўныя патрабаванні, якія кантраляваліся грамадскай думкай вёскі: напрыклад, яны павінны клапаціцца аб дзіцяці, калі што-небудзь з роднымі бацькамі здарыцца. Пры запрашэнні бацькі дзіцяці абавязкова неслі будучым кумам падарунак – хлеб. Паводле народных звычаяў, ад кумаўства нельга было адмаўляцца.

Амаль усе хрысцілі дзяцей у царкве. Насілі ў царкву дзіця хросныя бацька і маці. Пасля хрышчэння наладжвалася ўрачыстае застолле, на якое запрашаліся, апрача кума і кумы, бабка-павітуха, родныя і блізкія сябры сям'і. Бабка, а ў некаторых месцах хросная маці, абавязкова прыносіла крута звараную прасяную кашу. Бабку часам спынялі пры ўваходзе ў хату і вымушалі паказаць “дакументы”, яна паказвала загорнуты ў ручнік гаршчок з кашай, а ён і служыў “дакументам”, тады яе прапускалі. На хрэсьбінах было нямала тэатралізаваных жартоўных сцэнак – выкліканы імі смех сімвалізаваў вясёлае і шчаслівае жыццё ў будучым нованароджанага дзіцяці і ўсёй сям'і.

На хрэсьбінах выконвалася шмат традыцыйных песень. Зафіксаваны рытуальна-заклінальныя песні, у аснове зместу якіх галоўнай была магічная функцыя. Галоўнымі персанажамі гэтых песень з'яўляюцца парадзіха і бабка. У мінулым песнямі закліналі магічныя сілы прыроды, каб паспрыяць шчасліваму нараджэнню дзіцяці. Бабка ж паўставала пасрэдніцай не толькі ў фізічнай дапамозе парадзісе, але і магічнай. У велічальных песнях велічаліся бацька і маці дзіцяці, бабка-павітуха, кум, кума. Асабліва славілі бабку, яе пяшчотна называлі бабусюхнай-любусюхнай, бабкай-любкай, бабачкай-галубачкай, бабулькай-галубулькай. Славіліся таксама кум і кума.

Апагеем застольнай урачыстасці было разбіванне гаршка з бабінай кашай. Звычайна бабка ставіла кашу з прыгаворам-зычэннем, у якім выказвалася пажаданне нараджэння многіх дзетак, здароўя нованароджанаму і дабрабыту. Вялікім гонарам было даручэнне разбіць гаршчок. Вызначэнне асобы, якая павінна разбіваць яго, адбывалася па-рознаму: у некаторых месцах гэта абавязаны быў рабіць хросны бацька, у другіх – той, хто дасць больш каштоўны падарунак. Пры гэтым прамаўляліся жартоўныя прыгаворкі, тосты, зычэнні, гумарыстычныя песні, якія выклікалі смех, стваралі вясёлы настрой. У далёкім мінулым гэты смех меў рытуальна-магічны характар. Яму прыпісвалася здольнасць не толькі суправаджаць жыццё, але і выклікаць яго. Смех павінен быў садзейнічаць добрай долі дзіцяці, яго шчасцю.

Завяршальным абрадавым дзеяннем на хрэсьбінах у многіх мясцінах было “цяганне бабы на баране”. Для гэтага клалі на воз барану, пакрывалі яе кажухом і клалі падушку. Бабку бралі на рукі, усаджвалі на воз і ўручную (радзей – запрэгшы коней) везлі ў карчму, дзе бабка-павітуха павінна была танцаваць, альбо да яе хаты, дзе працягвалі весяліцца.

Сёння розныя аматарскія калектывы спрабуюць аднаўляць ранейшыя народныя абрады і традыцыі. Прыклад такой рэканструкцыі можна паглядзець тут:

https://www.facebook.com/178549492169472/videos/702307773560399/

https://www.youtube.com/watch?v=kTxk4VHiObw