MO

Сямейныя абрады. Модуль 2

Сямейная абраднасць беларусаўПазнаёмцеся з паняццем абраднасці і роллю сямейных абрадаў у жыцці беларусаў.
1/10

Абраднасць – гэта традыцыйная норма паводзін, якая вынікае з гістарычнага вопыту жыцця многіх і многіх пакаленняў. Сямейныя абрады ўзніклі ў часы, калі нашы продкі былі язычнікамі. Усе ўрачыстыя рытуалы тады былі накіраваны на ўміласціўленне багоў, засцераганне ад злых сіл, заклінанне прыроды. Яны суправаджалі чалавека на працягу самых важных этапаў у яго жыцці. Калі нараджалася немаўля, выконвалі ўсе неабходныя рытуалы радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, спадзеючыся, што такім чынам можна засцерагчы яго ад звышнатуральнага ўздзеяння розных шкодных сіл і забяспечыць яму ў будучым шчаслівае і заможнае жыццё. Шлюбныя абрады, звычаі і песні былі скіраваны на засцярогу маладых і захаванне дабрабыту іх сям’і. У пахавальнай абраднасці і галашэннях знайшлі адлюстраванне народныя ўяўленні, звязаныя з культам продкаў, з верай у жыццё чалавека пасля смерці.

Сямейныя звычаі і абрады аб'ядноўвалі і ўмацоўвалі сям'ю, служылі своеасаблівым механізмам для перадачы этнічных традыцый, маральна-этычных норм і прынцыпаў ад старэйшых да малодшых. Яны дапамагалі кожнай канкрэтнай сям'і з годнасцю адзначыць такія важныя падзеі, як нараджэнне дзіцяці, ўступленне маладых у шлюб або зняць эмацыянальна-псіхічнае напружанне ў выпадку смерці каго-небудзь з блізкіх, з павагай да жывых і нябожчыка пахаваць і памянуць яго.

Разам з тым традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў прадугледжвала звычаі і абрадавыя дзеянні, якія павінны былі ўмацоўваць «знешнія» сувязі сям'і з суседзямі, сваякамі, сябрамі, дапамагалі ўсталяванню добразычлівых адносін паміж імі.

У канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў агульны комплекс сямейных звычаяў і абрадаў заставаўся даволі кансерватыўнай часткай народнага жыцця. У ім разам са шматлікімі рацыянальнымі элементамі суіснавалі магічныя прыёмы і царкоўна-хрысціянскія кампаненты. У сучасным жыцці беларусаў значэнне абрадаў паменшылася, але і сёння захоўваецца ў пэўнай ступені, бо ўласціва беларускаму светаадчуванню.