
Велізарнае значэнне меў тысячагадовы народны вопыт у галіне фітатэрапіі (фітатэрапія, травалячэнне — метад лячэння розных захворванняў чалавека, заснаваны на выкарыстанні лекавых раслін і прэпаратаў з іх). Традыцыйна значнае месца ў лячэнні насельніцтва Беларусі займалі палын горкі, святаяннік, мята, лапух, маці-і-мачаха, цвінтарэй, валяр‘яна, мацярдушка, крываўнік, падтыннік, трыпутнік вялікі і трыпутнік сярэдні, рамонак лекавы, чабор і інш.
Людзей, якія ведалі ўласцівасці лекавых раслін, час і месца іх збору, спосабы нарыхтоўкі і захавання, прыгатавання з іх лекавых сродкаў, называлі траўнікамі.
Нашы продкі, як правіла, не адрознівалі канкрэтных захворванняў. Яны падзялялі іх на страўнікавыя (розныя захворванні страўніка, часам кішэчніка); нервовыя (“страх”, “сурокі”, неўрозы); захворванні нырак і мачавога пузыра, паражэнні скуры, дзіцячыя і жаночыя хваробы і інш. Народныя назвы залатнік, зрушэнне, надарваўся аб‘ядноўваюць захворванні, выкліканыя ўзняццем цяжару. Залатуха аб‘ядноўвае дыятэзы, дзіцячыя экзэмы.
Найбольш ужывальнымі былі раслінныя сродкі пры страўнікавых хваробах, паражэннях скуры, прастудных захворваннях.
Спосабы прыгатавання лекавых сродкаў з траў
У народзе ўжываюць расліны ў свежым выглядзе (летам) або ў сухім (іншы час). Пад словамі ўся расліна маецца на ўвазе расліна цалкам, пад назвай трава – надземная частка квітнеючай травяністай расліны. Дазаванні лекавых сродкаў суб‘ектыўныя. Звычайна бяруць на вока каля сталовай лыжкі рэзанай травы або сцябла на адну шклянку.
Ужываюць часцей за ўсё водны настой, для чаго ў кіпячую ваду кладуць нарэзаную частку расліны, шчыльна закрываюць і ставяць настойвацца, часам агаворваецца – у злёгку астылую печ. Амаль ніколі не кіпяцяць.
Для падрыхтоўкі настоек сыравіну здрабняюць і заліваюць гарэлкай. Настойку не зліваюць, захоўваюць разам з сыравінай. Звычайна п‘юць водныя настоі шклянкамі, а настойкі сталовымі лыжкамі.
Пры падрыхтоўцы мазяў сыравіну вельмі дробна расціраюць, затым старанна змешваюць з тлушчам.
Асноўныя тэндэнцыі ў сучасным народным травалячэнні
Сёння назіраецца вяртанне да больш актыўнага выкарыстання раслін для лячэння самых розных захворванняў. З аднаго боку, працягваюцца мясцовыя традыцыі, успамінаюцца рэцэпты бабуль і маці. З другога – веды вясковых лекарак значна пашырыліся за кошт звестак з самай разнастайнай літаратуры – ад газетных публікацый да даведнікаў па лекавых раслінах. Да сучасных тэндэнцый можна аднесці сыход з актыўнага ўжывання той ці іншай расліны ці наадварот, рэзкі рост яе папулярнасці. Прычынай звужэння выкарыстання адпаведнай расліны можа быць знікненне пэўнай хваробы. Практычна сышла з нашых зямель ліхаманка, адпаведна, няма падставаў нарыхтоўваць травы ад яе. Усё радзей кусаюць змеі і ўсё менш сапраўдных знахароў-памагатых пры гэтай немачы. Не фіксуецца і ўжыванне травы ад укусу змей, напрыклад, “ластачніка”.
І ўсё ж значная колькасць раслін захоўвае тую ж папулярнасць і сферы ўжывання. Да іх адносяцца багун (пераважна пры лёгачных захворваннях і як адгоннае для насякомых); валяр'яна; васількі; вольха, яе шышкі; душыца; белы бэз; ваўчкі; конскае шчаўе, зверабой. Па-ранейшаму ўжываюцца з лекавымі мэтамі агародныя расліны. Напрыклад, шырока прымяняюцца капуста, хрэн, часнок, буракі, разнастайныя гаючыя асаблівасці якіх добра былі вядомы і ў пазамінулым стагоддзі.
У асобных раслін назіраецца пэўная змена сфер выкарыстання. Так, глухая крапіва, пустырнік у запісах ХІХ стагоддзя апісваюцца больш як сродак пры кашлі, цяпер на першае месца выступае іх заспакаяльны эфект. Трыпутнік губляе сваё ўжыванне як сродак пры хворым страўніку або прастудных захворваннях, а папулярнымі, паўсюдна вядомымі застаюцца веды пра яго гаючае ўздзеянне на раны.
Да новых трэндаў адносяцца пакаёвае алоэ (выкарыстоўваецца для гаення ран і для падрыхтоўкі лекаў пры лёгачных захворваннях), каланхоэ, індыйская цыбуля.