Знахары, шаптуны...

3 назапашваннем ведаў пра народную медыцыну паявіліся асобы, асноўным заняткам якіх стала лячэнне. Іх называлі знахарамі, шаптунамі, чараўнікамі, вядзьмарамі, лекарамі, траўнікамі... Паводле народных уяўленняў, гэтыя людзі былі надзелены звышнатуральнымі (магічнымі) здольнасцямі. Яны маглі дапамагаць ці шкодзіць людзям, уздзейнічаць на прыродныя з'явы, лячыць хваробы. Ёсць меркаванне, што знахары перанялі функцыі старадаўніх жрацоў, якія ажыццяўлялі ролю пасрэднікаў паміж добрымі або злымі сіламі і людзьмі. Былі знахары-лекары, дабрадзейныя, якія здзяйснялі прыёмы “белай” магіі і ведзьмары, чараўнікі, якія выкарыстоўвалі свае сілы і здольнасці на шкоду людзям. Яны лічыліся служкамі нячыстай сілы, а іх дзеянні — “чорнай” магіяй.
Знахары выкарыстоўвалі назапашаныя веды пра гаючыя ўласцівасці раслін, прадуктаў жывёльнага паходжання, мінералаў, а таксама вопыт дапамогі хвораму і догляду за ім. 3нахары-лекары прытрымліваліся ўстаноўленага рытуалу, карысталіся пэўнай атрыбутыкай у залежнасці ад хваробы. Шырока выкарыстоўваліся рытуальныя абрады (замовы, заклінанні і інш.).
Значэнне мелі месца і час правядзення магічных дзеянняў. Напрыклад, абрад павінен быў праводзіцца ў дакладна вызначаны час сутак, у пэўныя дні тыдня і ў адпаведнасці з канкрэтнымі квадрамі месяца. Лічылася, што найбольш спрыяльным часам з’яўляецца раніца перад усходам сонца, зара, сам момант з’яўлення сонца, вечар перад заходам сонца, заход, поўнач, пры месяцы (часцей, калі ён прыбывае), калі на небе запальваюцца зоркі.
Прычыны хвароб і спосабы іх лячэння
У народных уяўленнях прычынамі хвароб былі натуральныя жыццёвыя выпадкі і ўздзеянне варожых сіл — сурокі, парушэнне каляндарных забарон і ў выніку ўздзеянне на чалавека дэманаў хваробы. Яны ўяўляліся звычайна ў вобліку прыгожай або пачварнай жанчыны з крыламі, кіпцямі і інш. Дэманы хваробы прыходзілі ў белым саване з касой у суправаджэнні кажаноў, жаб, мышэй. Лічылася, што хваробу маглі прынесці ў цела чалавека некаторыя жывёлы і насякомыя — жабы, чэрві, мухі; асобныя прыродныя з’явы — віхар, вецер; стыхіі — вада, агонь. Часта перад тым як прыступіць да ўласна лячэння, імкнуліся выявіць прычыну і паходжанне хваробы. Пры гэтым варажылі пра лёс хворага, шляхі пранікнення ў яго арганізм хваробы і г.д. У рытуалах варажбы цэнтральнае месца адводзілася вадзе, люстэрку, попелу, воску, яйку, вуглям.
Асноўным спосабам лячэння ў народнай медыцыне было выдаленне хваробы з цела і наступнае яе выгнанне, або знішчэнне. Існавалі спосабы, накіраваныя на вылечванне чалавека: спальванне хваробы, у тым ліку акурванне, кіданне ў агонь, высяканне над хворым іскраў; сціранне і змыванне — купанне, абліванне; выкідванне і выдаленне хваробы — неслі рэчы хворага за межы вёскі, сплаўлялі па вадзе, закідвалі далей; перадача хваробы іншай асобе, жывёле, расліне — кідалі рэчы хворага на дарогу, на дрэва, да чужой хаты, аддавалі сабаку; выгнанне хваробы на “той свет” — падкладвалі рэчы хворага ў труну да нябожчыка; закопванне ў зямлю; аддзяленне хваробы ад чалавека — працягванне хворага праз адтуліны; раздрабненне хваробы; знішчэнне яе — патапленне, сімвалічнае забіванне; адпужванне і выгнанне — шум, стрэлы, біццё посуду і г.д. Акрамя таго, лічылася, што ад хваробы можна пазбавіцца ў выніку яе задобрывання, рытуальнага кармлення ці праз падман і знявагу. Радзей практыкаваліся спосабы лячэння, звязаныя з сімвалічнай заменай хворага чалавека на здаровага.
Народная медыцына прадугледжвала і захады, скіраваныя на папярэджанне асобнай хваробы (раскусвалі першую градзіну, каб не балелі зубы, апаясваліся першай жменяй жыта ад болю спіны ў час жніва і інш.) і ўмацаванне здароўя наогул (умыванне юраўскай расой, абліванне на Купалле і г.д.). Існаваў шэраг забарон і правіл бытавых і святочных паводзін, невыкананне якіх прыводзіла да захворвання; рэгламентавалася спажыванне ежы, карыстанне начыннем, стаўленне да агню, кантакт з хатняй жывёлай і інш.
Лічылася магчымым выдаліць хваробу не толькі фізічным дзеяннем, але і словам, замовай, малітвай.