
Нацыянальная культура – гэта не толькі традыцыйныя абрады, песні, рамёствы, кухня, але і пэўныя традыцыі ў сферы захавання, умацавання і аднаўлення здароўя, аб’яднаныя агульным паняццем «народная медыцына» і існуючыя ў непарыўнай сувязі з усімі элементамі культурнай спадчыны.
Народная медыцына – сукупнасць вопытным шляхам набытых народам ведаў пра гаючыя сродкі, лекавыя травы і прафілактычна-лекавыя навыкі (дзеянні), а таксама іх практычнае выкарыстанне для зберажэння здароўя, папярэджання, дыягностыкі і лячэння хвароб.
Узнікла народная медыцына ў глыбокай старажытнасці. У першабытнаабшчынным грамадстве была адзіным відам медыцыны, абагульняла набытыя вопытным шляхам звесткі пра пэўныя гігіенічныя меры і спосабы лячэння пры параненнях, абмаражэннях, апёках, траўмах, розных хваробах. Збіранне і ўжыванне ў ежу раслін давала чалавеку магчымасць пазнаёміцца з іх уласцівасцямі, адрозніваць ядомыя плады, карані, травы, грыбы, водарасці ад неядомых, атрутныя — ад неатрутных, набываць веды пра ўздзеянне той ці іншай расліны на арганізм чалавека.
Спецыфіка беларускай народнай медыцыны абумоўлена прыродна-кліматычнымі асаблівасцямі беларускай этнічнай прасторы і спалучэннем міфалагічных і рацыянальных ведаў людзей пра навакольны свет.
Звесткі пра сродкі народнай медыцыны перадаваліся з пакалення ў пакаленне вусна, яны адлюстраваны ў народных звычаях, прыказках, прымаўках, паданнях, замацаваны ў пісьмовых крыніцах (лячэбнікі, траўнікі і інш.).