MO

Прырода ў традыцыйнай культуры. Модуль 2

Дрэвы і расліны ў традыцыйнай культуры беларусаўАзнаёмцеся з матэрыялам “Дрэвы і расліны ў традыцыйнай культуры беларусаў”.
5/8

Немагчыма пераацаніць вялікае значэнне дрэў і раслін у жыцці чалавека. Яны не толькі давалі чалавеку энергію, прытулак, але і здзіўлялі, захаплялі веліччу, моцай, хараством, водарам лісцяў. Дрэвы – гэта не проста лес, гэта паралельны сусвет, які існуе побач з намі мільёны гадоў. Дрэва для нашых продкаў было не толькі асноўным матэрыялам, з якога можна было зрабіць усё, што заўгодна - ад лыжкі і да хаты, вобраз дрэва наскрозь пранізвае фальклор беларусаў. Згодна з беларускімі павер’ямі, у дрэве часта пасялялася чалавечая душа. Лічылася, што дрэвы могуць хадзіць, размаўляць, ператварацца ў чалавека і зноў станавіцца дрэвам. Для будоўлі забаранялася выкарыстоўваць дрэвы, паваленыя навальніцай (якія памерлі не сваей смерцю). 3абаранялася таксама браць дрэвы з нарастамі, інакш у людзей будуць каўтуны. Дрэвы, якія выраслі на месцы былога храма ці капліцы, маглі быць выкарыстаны толькі для будаўніцтва новай культавай пабудовы або рамонту старой.

Да ХХ стагоддзя захавалася абрадавае кармленне дрэў. Дрэвам насілі хлеб і соль, загорнутыя ў палатно, лён, грошы, як ахвяраванні.

Часта святымі лічыліся бортныя дрэвы. Яшчэ нават у 20-30-я гады ХХ стагоддзя, як да святых, ставіліся людзі да такіх дрэў пры дарозе ад вескі Даманавічы Калінкавіцкага раёна да Князь-возера, альбо Чырвонага возера.

Пакланяліся нашыя продкі i асобным дрэвам. Пэўнае месца ў вераваннях беларусау займае асіна. Так, для абароны ад ведзьмы, якая нібыта выдойвае ў кароў малако, карысталіся асінавымі галінкамі. У глыбокай старажытнасці на вогнішчах з aciны спальвалі чараўнікоў. Знахары асінавымі палачкамі лячылі зубны боль, прыкладаючы ix да зубоў, i іншыя хваробы.

Арабіна, па беларускіх павер’ях, лічыцца помслівым дрэвам: хто яе ссячэ ці зломіць, той хутка памрэ ці ў яго хаце будзе нябожчык.

Вярба, ліпа, бяроза ў народнай культуры лічыліся жаночымі дрэвамі, надзялялiся асаблiвай жыццёвай сiлай, сiмвалiзавалi плоднасць, выкарыстоўвалiся як сродак узмацнення, як абярэг ад уздзеяння дэструктыўных сiл, станавiлiся сiмваламi роду.

Чалавек з даўніх часоў абагаўляў дрэвы і верыў, што многія з іх дапамогуць яму ў штодзённым жыцці. Дзякуючы нейкiм адметным уласцiвасцям дрэвы набывалі сваё сакральнае значэнне, пераўтвараючыся ў своеасаблівы сімвал. Сімвалічнае значэнне дрэва абавязкова замацоўвалася ў мiфалогii i адлюстроўвалася ў фальклорна-абрадавай практыцы. Сімволіка дрэў дапамагае нам больш глыбока зразумець міфалагічныя вытокі абрадава-святочнай культуры.

У беларускім фальклоры сваімі касмічнымі функцыямі, звязанымі са светаўладкаваннем, асабліва вылучаецца дуб. Ён увасабляе ўсе асноўныя рысы сімволікі дрэў у цэлым. Дуб з’яўляецца сімвалам жыцця, смерці і новага адраджэння. Стан дуба, яго «паводзіны» (цвіценне, сашчапленне, зліпанне лістоў, спляценне галін) выяўляюць пачуцці людзей (вечнае каханне).

У казках дуб – носьбіт векавой мудрасці, пасрэднік, які дапамагае герою нейтралізаваць адмоўнае ўздзеянне на іншых і актуалізаваць яго станоўчыя моманты, перавесці іх у сферу чалавечага (атрыманне інфармацыі, якая прыводзіць да здзяйснення мэты, да расчаравання, а таксама набыццё чароўных сродкаў, багацця). Вобраз дуба суадносіцца з родам, сям'ёй.

У калядках, замовах, загадках дуб выступае знакам ключавога месца-часу, сімвалам касмічнай прасторы. У такім кантэксце ён успрымаецца як галоўнае дрэва лесу, у сувязі з чым рэалізуе спектр значэнняў, далучаных да праяў касмічнага і чалавечага жыцця ў іх узаемасувязі. Як дрэва, якое дае плады, што выкарыстоўваліся ў ежу не толькі жывёламі, але і людзьмі, дуб надзяляецца прадуктыўнымі, ахоўнымі і іншымі спрыяльнымі для чалавека магчымасцямі.