MO

Прырода ў традыцыйнай культуры. Модуль 2

Узаемаадносіны прыроды і культурыПазнаёмцеся з паняццямі “прырода” і “культура”, з іх узаемаадносінамі.
1/8

Слова “прырода” часта ўжываецца ў значэнні натуральнае асяроддзе, усё, што нас атачае.

Пад культурай (ад лац. cultura – апрацоўка, пазней – выхаванне, адукацыя, шанаванне) разумелі засваенне глебы, апрацоўку сада, дагляд за раслінамі, жывеламі. Пазней у гэты тэрмін пачалі ўкладваць больш шырокі сэнс: да культуры адносілі ўсе тое, што ствараў чалавек сваёй працай, а таксама сам працэс стварэння, у адрозненне ад зробленага прыродай.

Культура – гэта гістарычна вызначаны ўзровень развіцця грамадства, адлюстраваны ў тыпах і формах арганізацыі жыццядзейнасці людзей, а таксама ў ствараемых імі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцях.

Прырода і культура знаходзяцца ў складаных ўзаемаадносінах, яны немагчымы адзін без аднаго, непадзельныя і цесна звязаныя паміж сабой, паколькі культура ўзнікае з прыроды. Яна нараджаецца з узаемадзеяння чалавека з прыродай. Прырода – гістарычна самы ранні аб'ект ўздзеяння на культуру, з'яўляецца натуральнай перадумовай культуры i неабходнай умовай існавання культуры, уяўляе сабой зыходны пункт чалавечага развіцця.

У старажытныя часы нашыя продкі пакланяліся ciлам прыроды – узгоркам, камяням, азёрам, дрэвам. Высокія ўзгоркі i дрэвы лічыліся шляхам да неба. У святых гаях людзі прыносілі ахвяры паганскім багам. Тут жа адбываліся і паганскія рытуалы жыхароў наваколля. Сляды такіх мясцін захаваліся да сённяшняга дня. Гэта Княжая дубрава каля Турава, Каралеўская дубрава каля пасёлка Першамайскі Шчучынскага раёна, Святы гай каля вескі Ніз Слонімскага раёна, Красны гай непадалеку ад вёскі Талачманы Свіслацкага раёна i шэраг іншых: Залаты бор, Бабі гай, Замкавы лес, Лес-царкоўка, Бажкоў лес, Дзедаўшчына. Такога тыпу назвы можна сустрэць па ўсёй Беларусі, i паходжанне ix вельмі старажытнае.

Пра многія гai яшчэ можна пачуць паданні. Паводле народнай згадкі, у бярозавым гai каля вескі Ягнешыцы Слонімскага раёна закапаны скарб, а ў лесе непадалёк ад вёскі Цераховічы Зэльвенскага раёна знаходзіцца куфар з грашыма, які ахоўваюць сабакі.

У кожнай назве, сімвале ці знаку, што беражліва ахоўвае народ, ёсць глыбінны сэнс.